Старшыня АБСЕ: Мы салідарныя з беларускім народам
Старшыня АБСЕ, міністр замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ выступіла з заявай з нагоды першай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і пачатку масавых пратэстаў. "Швецыя і ЕС не прызнаюць перамогу [Аляксандра] Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, — піша яна ў Facebook. — Яны не былі ні празрыстымі, ні справядлівымі. Народ Беларусі мае відавочнае права выбіраць сваіх лідэраў на свабодных дэмакратычных выбарах".
Ліндэ нагадвае пра рэпрэсіі ў нашай краіне: "Са жніўня мінулага года рэжым [Лукашэнкі] жорстка душыў, пераследаваў і арыштоўваў удзельнікаў мірных дэманстрацый, апазіцыянераў, журналістаў, праваабаронцаў". Старшыня АБСЕ падкрэслівае, што "апошнім часам сітуацыя пагоршылася".
"Швецыя і Еўрасаюз будуць і надалей выразна патрабаваць ад Лукашэнкі спыніць гвалт і пераслед мірных дэманстрантаў, апазіцыі і праваабаронцаў", а таксама вызваліць палітвязняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.