Старшыня СК: Бізнесменаў, якія без прычыны сядзяць у СІЗА, у нас няма

Старшыня СК: Бізнесменаў, якія без прычыны сядзяць у СІЗА, у нас няма

Па словах кіраўніка Следчага камітэта Беларусі Івана Наскевіча, сёння ў СІЗА знаходзіцца “не так ўжо і шмат кіраўнікоў прадпрыемстваў”. Хоць, кажа, і ёсць там пэўная колькасць “прадпрымальнікаў[, затрыманых] за нявыплату падаткаў”.

Наскевіч: “Такая мера стрымання, як змяшчэнне ў СІЗА, прымяняецца намі толькі па цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах. Я маю на ўвазе эканамічныя злачынствы, калі мы сутыкаемся з карупцыйнымі злачынствамі. Яны ўсе ў нас цяжкія ці асабліва цяжкія. Што тычыцца таго, каб яны лепш працавалі, чым сядзелі, то гэта не наша кампетэнцыя. Калі адпаведныя змены ў заканадаўства будуць унесеныя, то хай працуюць. Мы не ставім мэту толькі пасадзіць чалавекв ў СІЗА. Калі ён супрацоўнічае са следствам, супрацоўнічае са следствам, кампенсуе шкоду ці прымае меры, каб яе кампенсаваць, то мы мяняем меру утрымання. Я думаю, вы хочаце пра Арбузава спытаць? Чалавек пасядзеў, падумаў, вырашыў кампенсаваць ― мы распрацавалі разам з ім графік кампенсацыі. Такі падыход можа быць да кожнага кіраўніка, які знаходзіцца ў СІЗА і мае намер такім чынам супрацоўнічаць са следствам”.

Пракаментаваў старшыня СК і абвінавачванні ў тым, што следчыя адмыслова распачынаюць справы супраць бізнесменаў з мэтай дамагчыся ад іх “выплаты кампенсацый”. Магчыма, нават на падставе “слабых” доказаў віны падазраванага.

“Я такіх прыкладаў не ведаю. За сваё ведамства я вам на 100 адсоткаў адказваю ― у нас усё па законе”, ― заявіў Іван Наскевіч.

Нагадаем, выступаючы з пасланнем парламенту і народу кіраўнік Беларусі заявіў пра недахоп кадраў на пасаду кіраўнікоў прадпрыемстваў. Адначасова прадстаўнікі сілавых структур апошнім часам неаднаразова заяўлялі пра затрыманні як кіраўнікоў прадпрыемстваў, так і буйных прадпрымальнікаў па падазрэнні ў здзяйсненні эканамічных злачынстваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі