Старшыня Следчага камітэта не бачыць палітыкі ў справах затрыманых "русафілаў"
Старшыня Следчага камітэта Беларусі не бачыць палітыкі ў справах затрыманых "русафілаў". "Для нас гэта тры з 85,5 тысячы крымінальных спраў — не больш за тое", — сказаў Іван Наскевіч у праграме "Трэба разабрацца" на тэлеканале АНТ. Гаворка ідзе пра аўтараў расійскага сайта "Рэгнум" Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнку, якіх за іх антыбеларускія артыкулы вінавацяць у распальванні міжнацыянальнай варажнечы.
"Варта выразна разумець, што палітыка — асобна, Следчы камітэт — асобна. Мы не разглядаем гэтыя распачатыя крымінальныя справы як нейкія палітычныя хады", — заявіў Наскевіч. Ён нагадаў, што справы былі распачатыя пасля таго, як з'явілася заключэнне рэспубліканскай экспертнай камісіі, якая засведчыла наяўнасць у публікацыях трох аўтараў заклікаў да распальвання нацыянальнай варажнечы.