Стэфановіч: Мы не выключаем таго, што “патрыётаў” катуюць у СІЗА
Заснавальнік "Белага легіёна" Сяргей Бульба і экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч заяўляюць, што ў СІЗА катуюць затрыманых па “справе патрыётаў”. Юрыст незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч кажа, што пацвярджэнняў наконт катаванняў у іх няма: ніхто вызваленых фігурантаў справы пра гэта публічна не заявіў. Тым не менш, кажа Стэфановіч, ігнараваць такія сігналы праваабаронцы не могуць: 22 траўня на імя Генпракурора было накіраванае патрабаванне правесці адпаведную праверку.
Стэфановіч: “Мы разумеем, што пракуратура вельмі рэдка пацвярджае факты злоўжывання ў міліцыі, але з нашага боку гэта — пэўная актуалізацыя, фіксацыя таго, што мы пачулі. І потым будзе цяжка казаць, што ніхто нікуды не звяртаўся і ніхто нікуды не скардзіўся. Пракуратура мае ўсе магчымасці паўнамоцтвы для праверкі гэтых фактаў, для выяўлення вінаватых і прыцягнення іх да адказнасці, вызначанай законам”.
Нагадаем, пра катаванні супраць фігурантаў справы “Белага легіёну” распавёў колішні лідар арганізацыі Сяргей Бульба (Чыслаў). Паводле Бульбы, у СІЗА КДБ затрыманых не толькі збіваюць, але і ўжываюць супраць іх псіхатропныя сродкі. А былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч заявіў, што ў ізалятары міліцыянты катавалі сябра Беларускага нацыянальнага кангрэсу Сяргея Кунцэвіча электратокам.
Цалкам паглядзець размову з Валянцінам Стэфановічам можна тут: