Стобальнікі перад тэставаннем слухаюць System Of A Down і п’юць валер’янку
А ў вольны час вундэркінды пішуць вершы і чытаюць дома Караткевіча.
Выдатніца з Валожына Дар’я Косік за сто балаў па беларускай мове дзякуе… мядзведзіку — сувенір, які прыносіць удачу.
“У мяне ёсць талісман. З 9-га класа я ездзіла на алімпіяду па беларускай мове і там давалі сувеніры. І такі сувенір у мяне застаўся — гэта маленькае мядзведзяня. Я рыхтавалася ў школе з сваімі настаўнікамі”, — дзеліцца выпускніца другой валожынскай школы Даша.
Школу яна скончыла з залатым медалём, цяпер марыць пра лячэбны факультэт. Па тусоўках і дыскатэках выдатніца не ходзіць. У вольны час чытае кнігі, у асноўным, Караткевіча ды іншую беларускую літаратуру.
У Дашынай настаўніцы Дануты Іванаўны пакуль адна такая вучаніца. За ўсю практыку больш стобальнікаў не было. Але вучні набіралі больш за 90, прыгадвае настаўніца.
“Першы раз такое. Але было і 92 і 94. Асаблівай методыкі выкладання тут няма, галоўнае — працу любіць. А наконт Дашы я не сумнявалася, нават не здзівілася”.
Дзяўчынка-нефармал з Валожына — Таццяна Красоўская мае 100 балаў па рускай мове. У апошні дзень перад тэставаннем яна натхнялася цяжкай музыкай ад System Of A Down і не забылася пра талісман — шыпаваны бранзалет — падарунак сябра.
“Збіраюся на факультэт міжнародных адносін БДУ. Наконт спецыяльнасці буду думаць… Хацелася б на “мененджмент у сферы міжнароднага турызму”, а калі не атрымаецца, то на “мытную справу””, — дзеліцца планамі з Еўрарадыё выдатніца. Школу яна заканчвае з залатым медалём. А тэст па матэматыцы здала на 79 балаў.
У вольны час Таццяна вяжа, і, часам, піша вершы. На дыскатэкі не ходзіць, а канцэртаў у Валожыне не багата. Мяркуючы па фотках з сацсетак, на шэрую завучку Таццяна не падобная: можа патанчыць, апрануць кароткую сукенку і высокія абцасы.
Яе настаўніца Тамара Уладзіміраўна падняла веды дзяўчынкі з 60 балаў да 100!
“Першы раз, калі яна здавала ў 10 класе, быў каля 60 вынік. Ужо потым было 92, 97 — такія вынікі былі ўжо на папярэднім тэставанні. Са мной яна займалася не шмат. Але каб набраць 100 балаў — гэта патрэбная штодзённая праца!” — расказвае настаўніца.
У будучага айцішніка з 12-й мінскай школы Паўла Касача выдатны вынік па матэматыцы. Хлопец набраў 100, але даводзілася кожны дзень займацца з рэпетытарамі.
Павел Касач: “Кожны дзень па 3, 4 гадзіны займаўся. Але самае галоўнае было — не хвалявацца. А так, усё вырашаецца, усё магчыма. За ноч да тэставання я рана клаўся. Выпіў валер’янкі – і пайшоў”.
У школе ён увесь час добра вучыўся, бо першая ж настаўніца прывіла любоў да навукі. Апроч матэматыкі, ён здаў на 93 рускую мову і на 82 — фізіку.
Нагадаем, на сёлетняе тэставанне запісаліся 117 тысяч абітурыентаў. Але ўжо траціна з тых, хто здаваў фізіку і матэматыку, не набралі неабходныя 15 балаў, каб паступіць ва ўнівер.
Фота - з сацсетак. На 1 фота: злева - Дар'я Косік, справа - Таццяна Красоўская.
Таццяна Красоўская
Дар'я Косік