Стронцый у прадуктах: як радыяцыю знайшлі ў бульбе з-пад Валожына (дакумент)

Стронцый у прадуктах: як радыяцыю знайшлі ў бульбе з-пад Валожына (дакумент)

Расследаванне “Асашыэйтэд Прэс” выяўляе 10-разовае перавышэнне нормаў па стронцыі ў беларускім малацэ. Гэта не першы скандальны выпадак такога кшталту.

Тры гады таму Еўрарадыё звярталася ў Мінскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Правяралі на стронцый бульбу з аграгарадка Пяршаі Мінскай вобласці, дзе пасля чарнобыльскай катастрофы асела радыяцыйная пляма. Дык вось афіцыйнае даследаванне паказала ў бульбе перавышэнне нормы па стронцыі-90 прыкладна ў шэсць(!) разоў.

Стронцый у дзіцячым харчаванні: Мытны саюз дазволіў перавышэнне ў 13 разоў

Стронцый у прадуктах: як радыяцыю знайшлі ў бульбе з-пад Валожына (дакумент)
Мінскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі фіксуе 6-разовае перавышэнне стронцыю ў бульбе. Дакумент цалкам публікуецца ўпершыню.

На пытанне, як у паўсотні кіламетрах ад сталіцы можа быць забруджаны стронцыем прадукт, так ніхто і не адказаў. Аўтарытэтныя навукоўцы адзін за адным запэўнівалі, што “цяжкі” стронцый не мог даляцець да аграгарадка Пяршаі. Але ў 2013 годзе акцэнт быў змешчаны на іншую праблему. Незадоўга да расследавання быў прыняты казусны тэхрэгламент Мытнага саюза, які дазваляў перавышэнне нормаў па стронцыі ў прадуктах харчавання ў многія разы. Пасля публікацыі расследавання Еўрарадыё праблема была паднятая ў высокіх эшалонах улады, і ў хуткім часе ў Беларусь вярнулі старыя нормы, якія называюцца РДУ-99.

Нагадаем, што ў аўторак 26 красавіка сусветна вядомае інфармацыйнае агенцтва “Асашыэйтэд Прэс” публікуе расследаванне пра значнае перавышэнне нормаў па стронцыі-90 у беларускім малацэ. Прадукт быў узяты з фермы, якая працуе ў двух кіламетрах ад так званай зоны адчужэння. Па словах журналіста агенцтва, даследаванні малака на стронцый правёў Мінскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, які цяпер гэту інфармацыю абвяргае. Намеснік галоўнага ўрача Пётр Амвросьеў называе агенцтву “БелаПАН” апублікаваныя звесткі “правакацыяй самай чыстай вады”.

 

“Аказалася, што ў нас увогуле няма даследаванняў на амерыцый, які больш таксічны за цэзій і стронцый”

Беларуская ўлада хоча, каб яе аргументам пра поўную радыяцыйную бяспеку верылі. У 2013 журналіст Еўрарадыё чакаў вынікі экспертызы на стронцый амаль месяц. Аказалася, што Мінскаму цэнтру гігіены і эпідэміялогіі такія даследаванні амаль не замаўлялі. Мясцовыя спецыялісты доўга чакалі, пакуль прылада для вымярэння радыяцыі пройдзе працэдуру паверкі.

У 2016 годзе журналіст “Асашыэйтэд Прэс” Юрась Карманаў не мае месяца, каб чакаць вынікаў даследавання. Ён распавядае, што ў Мінскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі прапанавалі кампрамісны варыянт:

“Намесніца загадчыцы лабараторыі, паведаміла, што калі будзем звяртацца да іх, як арганізацыя, то патрэбны афіцыйны запыт, чакаць трэба будзе месяц. Тады яны прапанавалі зрабіць даследаванне як фізічнай асобе. Мы на гэта пагадзіліся. Нам далі даведку, якая пазней была апублікаваная. Што тычыцца афіцыйнага бланка і пячаці, то ў гэтым нам адмовілі, сказалі, што фізічным асобам пра ўсё паведамляюць вусна”.

Еўрарадыё ў 2013-ым годзе таксама сутыкнулася з апісанай сітуацыяй. Некаторыя кампетэнтныя лабараторыі (іх у Беларусі можна пералічыць па пальцах) баяцца праводзіць даследаванні па стронцыі для СМІ. І абмяжоўваюцца такімі ж даведкамі, якія атрымала агенцтва “Асашыэйтэд Прэс”. Зазвычай даследаванні праводзяцца на прыладах беларускай кампаніі “Атамтэх”. Не верыць гэтай тэхніцы падставаў няма, яе закупляюць нават японцы.

Стронцый у прадуктах: як радыяцыю знайшлі ў бульбе з-пад Валожына (дакумент)
Даследаванне глебы на абсталяванні "Атамтэх"

Яшчэ адна праблема, якую падкрэслівае Юрась Карманаў, — адсутнасць інфармацыі.

“Калі нам кажуць пра чыстую ежу, то маюць на ўвазе, што па цэзіі і стронцыі яна адпавядае санітарным нормам. Але ў нас увогуле няма даследаванняў на той жа амерыцый. Два адсоткі тэрыторыі Беларусі забруджаныя трансуранавымі элементамі. Якраз цяпер — час з’яўлення гэтага амерыцыя, які больш таксічны за цэзій і стронцый”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі