Студэнт з Савета ўніверсітэта: Магу гаварыць толькі з дазволу ідэолага!

Менш, чым праз год еўрапейскія міністры ў чарговы раз разгледзяць заяўку Беларусі на ўступленне ў Балонскі працэс, у які уваходзяць усе еўрапейскія краіны апроч Беларусі, Манака і Сан-Марына. Ён створаны з мэтай павысіць узровень якасці еўрапейскай адукацыі і стварыць адзіную прастору вышэйшай Еўрапейскай адукацыі.

У 2012 годзе Беларусь туды не ўзялі, бо не прытрымліваемся каштоўнасцяў еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Асноўныя з такіх каштоўнасцяў — права на самакіраванне і ўдзел у кіраванні ўніверсітэтам студэнтаў.

Па беларускім законе, у Савеце ўніверсітэта мусіць быць 25% студэнтаў. Але нават гэтай квоты прытрымліваюцца не ўсе.

“У нас 3 чалавекі ў Савеце. Апошні час заўжды так было. Але было ўказанне на 25% навучэнцаў”, — падлічваюць у Гомельскім медыцынскім універсітэце. І гэта з 38 удзельнікаў Савета. Крыху больш за 1%.

Полацкі ўніверсітэт мае 20% студэнтаў у Савеце. Таксама не хапае. Нават у галоўнай ВНУ краіны — БДУ толькі 10 студэнтаў у Савеце, пры агульнай колькасці ў 90 чалавек.

У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце адразу прыгадваюць палажэнне, па якім мусяць мець 25% студэнтаў ў Савеце.

“У нас ёсць палажэнне Міністэрства. Але там не абавязкова студэнты, могуць быць навучэнцы. Студэнты ліцэяў, гімназій, і нават дактаранты. Кожнае структурнае падраздзяленне можа вылучыць сваіх прадстаўнікоў агульным сходам”, — апісваюць працэдуру ў БНТУ. І маюць у Савеце 15,6% студэнтаў. Як даведваецца Еўрарадыё яны могуць “агучыць свае прапановы”.

“Калі тэма тычыцца студэнтаў, яны могуць агучыць прапановы. Калі разглядаюцца пытанні санаторыяў, выхаваўчай працы, тады яны выказваюцца. Наконт уплываць — іх там няшмат. Але меркаванне выказваюць”, — апісвае студэнт-удзельнік Савета БНТУ.

І не можа прыгадаць апошнюю “гучную” ініцыятыву студэнтаў.

А іншы прадстаўнік гэтага Савета адмаўляецца гаварыць без згоды ідэолага.

“Нам забараняюць гаварыць без дазволу кіраўніка аддзела ідэалогіі”, — прызнаецца хлопец. Вось такое самакіраванне.

Заяўку на ўступленне ў Балонскі працэс ад Беларусі мусяць разгледзець у траўні 2015 года.

Фота: tsogu.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі