Студэнтка ЕГУ: Большасць маёй групы не ведае падрабязнасцяў канфлікту
Тым часам каля 300 студэнтаў падпісалася пад зваротам да рэктара Міхайлава. Яны просяць аднавіць Церашковіча і нікога не звальняць да канца канфлікту.
Студэнтка 3-га курса ЕГУ Кацярына расказвае Еўрарадыё, што пра крызіс ва універсітэце студэнты дазнаюцца са СМІ, а большасць увогуле не ў курсе падрабязнасцяў справы.
“Калі і абмяркоўваюць нешта студэнты з выкладчыкамі, то стараюцца моцна ў гэта не паглыбляцца. А ўвогуле я не ўпэўненая, што большасць студэнтаў маёй групы ўвогуле ў курсе аб падрабязнасцях падзей, якія цяпер адбываюцца ва універсітэце”, — расказвае яна.
Па словах Кацярыны, свае прыхільнікі сярод студэнтаў ёсць як ў рэктара Міхайлава, так і ў апазіцыянера Церашковіча. Аднак гэта збольшага ўсё ж асабістыя прыхільнасці — падрабязнасцяў канфлікту амаль ніхто не ведае, а кіраўніцтва расказваць аб іх не спяшаецца.
Калегі звольненага Паўла Церашковіча тым часам настроеныя сур’ёзна і гатовыя дайсці нават да забастоўкі. У такім выпадку студэнты будуць уцягнутыя ў канфлікт не па ўласнай волі — значная частка з навучэнцаў ЕГУ плаціць за вучобу немаленькія грошы. Хто аплаціць адмененыя заняткі, пытанне адкрытае.
Тым часам канфлікт паміж рэктаратам і Сенатам ужо адчувальна ўплывае на вучобу студэнтаў. Прэзідэнт Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ Марыя Сляпцова расказвае Еўрарадыё, што звальненне Паўла Церашковіча дадало клопату яго студэнтам.
“У свеце апошніх падзей ёсць складаныя сітуацыі. Ёсць групы студэнтаў, якія праз звальненне Паўла Церашковіча засталіся без выстаўленых адзнак. Гэта, магчыма, і не самая сур’ёзная праблема. Але пагадзіцеся, што здаваць іспыт выкладчыку, калі курс цалкам вёў іншы, не самая прыемная рэч”.
Марыя таксама кажа, што найбольш актыўныя студэнты ўсё ж спрабуюць неяк паўплываць на сітуацыю. 27 студзеня ў ЕГУ праходзіў агульны сход, былі на ім і ўдзельнікі Студэнцкага прадстаўніцтва. Прапанавалі выкладчыкам і рэктару сесці за стол перамоваў.
“Мы выступілі з прапановай, каб выкладчыкі і адміністрацыя селі за стол перамоваў і пачалі размаўляць. Каб яны, магчыма, вынайшлі агульнае бачанне сітуацыі, прадпрынялі агульныя дзеянні. Але нас, па ўсім бачна, не пачулі. Рэакцыі няма”.
Цяпер Марыя з паплечнікамі ініцыявала збор подпісаў за аднаўленне Паўла Церашковіча на пасадзе выкладчыка ЕГУ, а таксама за часовы мараторый на змены ў выкладчыцкім складзе. Пакуль канфлікт не скончыцца. Падпісаліся за гэтую справу ўжо каля 300 студэнтаў дзённай і завочнай формы. “Гэта вельмі нямала ў дадзенай сітуацыі”, — гаворыць Марыя. Але пра рэакцыю рэктарата на гэтую студэнцкую ініцыятыву пакуль нічога не вядома.