Студэнтка ЕГУ: Пра кандыдатаў на пасаду рэктара даведваемся з Фэйсбука
На наступным тыдні Еўрапейскі гуманітарны універсітэт пачынае актыўную частку выбараў новага рэктара, імёны кандыдатаў трымаюць у таямніцы.
“Чаму пра кандыдатаў на пасаду рэктара ЕГУ мы даведваемся са СМІ, а не ад свайго універсітэта?”, — піша студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў сацыяльных сетках за тыдзень да пачатку выбараў.
У прэс-службе ЕГУ Еўрарадыё тлумачаць, што рашэнне, не агучваць імёны кандыдатаў, прымала адміністрацыя. У выніку не толькі студэнты, але і большасць выкладчыкаў нават прыблізна не ведаюць, хто падаваў дакументы на конкурс і хто прайшоў папярэдні адбор. Універсітэт поўніцца чуткамі. Прадстаўніца студэнтаў у Сенаце ЕГУ Марыя Сляпцова расказвае Еўрарадыё, што імёны кандыдатаў даведваюцца з сацсетак.
“Наконт кандыдатаў на пасаду рэктара — я не памятаю, каб нам нешта расказвалі. Але, напрыклад, учора ў Фэйсбуку наш прарэктар па камунікацыях Дарыюс Удрыс паведаміў, што ён з’яўляецца адным з кандыдатаў. Такія ў нас крыніцы інфармацыі”, — кажа дзяўчына.
Але не ўсё так таямніча. Кандыдатаў у рэктары студэнтам усё ж пакажуць. І нават дазволяць задаць ім пытанні — з наступнага тыдня ў ЕГУ пройдуць сходы з удзелам кандыдатаў, удзельнічаць у іх можа кожны студэнт і выкладчык.
“Пакуль студэнты ў калідорах не вельмі актыўна абмяркоўваюць асобу будучага рэктара. Але я спадзяюся, што з наступнага тыдня сітуацыя зменіцца і цікавасць павялічыцца”, — распавядае Марыя Сляпцова.
Першая інфармацыя пра магчымага кандыдата на пасаду рэктара ЕГУ з’яўляецца яшчэ ў кастрычніку і тычыцца Аляксандра Мілінкевіча. У размове з Еўрарадыё палітык яе не пацвердзіў, але і не абверг. Акрамя Мілінкевіча і Удрыса, на пасаду рэктара прэтэндуюць амерыканец Дэвід Полік, які цяпер выконвае абавязкі рэктара, выкладчыцы ўніверсітэта Таццяна Шчытцова і гродзенскі гісторык Аляксандр Краўцэвіч.
У размове з Еўрарадыё Аляксандр Краўцэвіч пацвярджае, што насамрэч падаў неабходныя дакументы. Кажа, што апошнім часам вакол ЕГУ было шмат не самых прыемных падзей і самы час вырашыць гэту праблему.
“Вельмі непрыемна, што дайшло да адкрытага канфлікту ў ЕГУ, што людзі, выкладчыкі стаяць у пікетах. Суды адбываюцца. Гэта шкодзіць любой навучальнай установе. Маючы невялікі досвед прарэктарскай працы, маючы вялікі досвед працы прафесарам у вышэйшай навучальнай установе, я вырашыў, што змагу за нейкі час нармалізаваць сітуацыю”.
Краўцэвіч таксама прызнаецца, што хацеў бы зрабіць ЕГУ больш беларускім універсітэтам, чым ён ёсць цяпер. Маўляў, гэта важна ў першую чаргу для саміх беларусаў.
Такім чынам, працэс выбараў новага рэктара ЕГУ пачнецца на наступным тыдні. У адміністрацыі універсітэта Еўрарадыё пацвердзілі, што ў Вільню прыбудзе група кандыдатаў, якія сустрэнуцца з прадстаўнікамі адміністрацыі, Сената, студэнтаў і выкладчыкаў. Пасля гэтага Кіраўнічы савет ЕГУ адбярэ кандыдатаў на апошнюю стадыю выбараў і прадставіць іх Генеральнай асамблеі сузаснавальнікаў універсітэта. Імя новага рэктара стане вядомым не пазней за 1 сакавіка 2015 года.
Пачатак гісторыі: У сярэдзіне студзеня рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў абвясціў конкурс на 17 выкладчыцкіх месцаў. Кіраўнік Сената Павел Церашковіч называе гэта ўмяшальніцтвам у справы акадэмічнай супольнасці ўніверсітэта. Праз два месяцы Церашковіч губляе працу ў ЕГУ.
Вызваленне пасады рэктара ЕГУ: Звальненне Паўла Церашковіча стала пачаткам шэрагу скандалаў і гучных заяваў былых выкладчыкаў. 30 верасня Анатоль Міхайлаў пакідае пасаду рэктара і становіцца прэзідэнтам ЕГУ. Выконваючым абавязкі рэктара становіцца амерыканец Дэвід Полік. Ён пачаў працаваць ў ЕГУ вясной, спачатку займаўся адміністрацыйнымі і фінансавымі пытаннямі.
Патрабаванні да кандыдатаў: Доктарская ступень (PhD) або яе эквівалент. Лідарскія якасці, вопыт працы на кіраўнічай пасадзе вышэйшага звяна ва ўніверсітэце, выкладчыцкі і навукова-даследчы вопыт у міжнародным акадэмічным асяроддзі і шэраг іншых.