Студэнтку ЕГУ знялі з цягніка на мяжы
Актывістку анархісцкага руху Марфу Рабкову, якія ехала цягніком з Вільні ў Беларусь, затрымалі на мяжы, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Беларускія памежнікі забралі ў дзяўчыны пашпарт і квіток без тлумачэння прычынаў.
Дзяўчына паведаміла праваабаронцам, што мытнікі кампенсавалі ёй 6 рублёў за тое, што не змагла даехаць да канцавога пункту. Дзяўчына баялася, што памежнікі яе затрымаюць так, што яна не паспее на цягнік а 22-й. Наступны цягнік праз Гудагай у бок Мінску ідзе а 4-й гадзіне раніцы.
На пытанні актывісткі наконт прычынаў затрымання памежнік адказаў: "Не мы гэта вырашаем. Мы робім тое, што ад нас патрабуюць".
Рабкова ехала ў Мінск пасля заканчэння сесіі ў ЕГУ.
Раней яе ўжо неаднаразова затрымлівалі на мяжы.