Стварэнне квазіімперыі: РФ, Беларусь, ДНР і ЛНР. Такое магчыма, лічыць эксперт
У лютым расійская Дзярждума прыняла зварот да Уладзіміра Пуціна пра неабходнасць прызнання ДНР і ЛНР. “Большасць людзей спачувае жыхарам Данбаса”, — пракаментаваў Пуцін. Магчыма, што не за гарамі прызнанне часова страчаных украінскіх тэрыторый незалежнымі. Якую стратэгію будзе выкарыстоўваць Расія ў гэтым выпадку?
— Далучэнне і прызнанне — гэта зусім розныя рэчы, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё палітолаг Павел Усаў. — Расія неаднаразова дзейнічала на разбурэнне дзяржаваў, прызнаючы пэўныя часткі тэрыторыяў незалежнымі. Напрыклад, так было пасля вайны ў Грузіі, калі Расія прызнала дэ-факта і дэ-юрэ Абхазію і Паўднёвую Асецію незалежнымі рэспублікамі. Галасы пра тое, што неабходна прызнаць ЛНР і ДНР, гучалі адразу пасля так званай рускай вясны, пасля анексіі Крыма і пачатку баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны. Было дзве опцыі: стварэнне “Наваросіі” і прызнанне незалежнасці ЛНР і ДНР, падтрыманне гэтых рэспублік як незалежных.
Гэта ёсць у дачыненні да Прыднястроўя і нават Нагорнага Карабаха. Утрыманне гібрыдных квазітэрыторыяў, квазідзяржаваў для таго, каб, з аднаго боку, замарозіць канфлікт, а з іншага боку — стварыць неабходныя ўмовы для далейшага разбурэння дзяржаўнасці Украіны і ўтрымання яе ў сферы пэўных уплываў. Прынамсі, не дазваляць ёй крочыць на Захад, інтэгравацца ў структуры бяспекі, накіраваныя супраць Расіі.
— Але прызнанне не выключае ў перспектыве далучэння да нейкіх геапалітычных праектаў, — працягвае палітолаг. — Я думаю, што адной такой магчымасцю можа быць выкарыстанне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі менавіта для стварэння новай квазіімперыі, інтэграцыі яе ў адпаведнае прававое поле, уключэнне ў пэўныя міжнародныя адносіны нават на рэгіянальным узроўні. Усё залежыць ад таго, якія на сённяшні дзень рашэнні будуць прымацца ў Крамлі.
Мы ведаем, што прадказаць ці рацыянальна ацаніць нейкія рэакцыі ці дзеянні Пуціна і яго атачэння зараз вельмі цяжка. Асноўная матывацыя расійскіх элітаў — і гэта трэба разумець — гэта дэманстрацыя сілы. Калі не будзе нейкіх вайсковых дзеянняў на Украіне і супраць Украіны, то, безумоўна, неабходна нейкая геапалітычная ці палітычная кампенсацыя як дэманстрацыя сілы. Што ўсе пагрозы з боку Расіі не былі пустымі, а рэалізаваліся ў нейкім канкрэтным палітычным кроку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.