Суд адмяніў штраф Анатолю Шумчанку за Дзень Волі

Суд адмяніў штраф Анатолю Шумчанку за Дзень Волі

Суддзя Валерый Камісараў скасаваў пастанову суда Савецкага раёну Мінску, згодна з якой Анатоль Шумчанка быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за акцыю на Дзень Волі 25 сакавіка. Матэрыялы справы былі накіраваныя на новы разгляд з іншым складам суда таго ж раёна, паведамляе Радыё "Свабода". Шумчанка быў аштрафаваны на 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў.

Сам лідар РГА "Перспектыва" распавёў, што суд яму прызначылі на 24 траўня, а позву на суд закінулі ў паштовую скрыню 25-га, пасля суда. Таксама яму не высылалі пратакол міліцыі, чым парушылі правы на абарону.

Шумчанка заяўляе, што невінаваты ў тым парушэнні, якое яму прыпісваюць. "Мяне абвінавачваюць у тым, што на Дзень Волі я браў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, а я на самай справе прыйшоў да кінатэатра "Кастрычнік", дзе мітынг быў дазволены", — адзначае лідар прадпрымальнікаў.

Дарэчы, раней суддзя Камісараў скасаваў штраф за Дзень Волі Рыгору Кастусёву — праз памылкі ў пратаколах і ў судовым пасяджэнні. Паўторны перагляд мае адбыцца не пазней, чым праз два месяцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі