Суд стаў на бок школ: беларускіх дзяцей працягнуць выхоўваць "бульбай"

Суд стаў на бок школ: беларускіх дзяцей працягнуць выхоўваць "бульбай"

У Маладзечне скончыўся суд па грамадзянскай справе Вікторыі Папчэні — 13-гадовай школьніцы, якая пры канцы верасня загінула на ўборцы бульбы. Бацька дзяўчынкі Алег Папчэня намагаўся, каб адносіны паміж ёй і СВК "Усход-Агра", на полі якога яна працавала, былі прызнаныя працоўнымі.

"Але ў прызнанні факта працоўных адносінаў было адмоўлена, — распавядае Еўрарадыё інспектар незалежнага прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак, які дапамагае Алегу Папчэні ў судзе. — Суд спасылаецца на тое, што быў нейкі план адукацыйна-выхаваўчай працы, і па гэтым плане дзяўчынка знаходзілася там, у межах акцыі "Дапамагі сабраць ураджай", так яе назвала сама школа".

Звычка адпраўляць школьнікаў на бульбу захоўваецца ў Беларусі з савецкіх часоў. Але ці адпавядае яна цяперашняму дню? Андрэй Стрыжак сцвярджае, што "бульба", хутчэй, падобная не да выхавання, а да прымусовых працаў. Шмат што змянілася б, каб адносіны паміж школьнікамі і тымі, на чые палі яны ездзяць, былі прызнаныя працоўнымі. Па-першае, увогуле нельга было б вазіць на бульбу школьнікаў, маладзейшых за 14 гадоў. Па-другое, ім трэба было б плаціць заробак. Па-трэцяе, адказнасць за здарэнні "на вытворчасці" зусім іншая, чым за няшчасны выпадак, з вытворчасцю не звязаны.

Суд стаў на бок школ: беларускіх дзяцей працягнуць выхоўваць "бульбай"
Вікторыя Папчэня. Фота: vk.com

Але суд стаў на бок школаў: беларускіх дзяцей працягнуць выхоўваць "бульбай".

"Складана сказаць, ці ёсць гэтая пастанова суда асэнсаванымі дзеяннем: маўляў, незважаючы ні на што, мы будзем адпраўляць школьнікаў на бульбу. Але відавочна, што ім цяжка прызнаць, што сістэма прымусовых загонаў на бульбу хібная, і яе трэба адмяняць", — працягвае Андрэй Стрыжак.

У наступным годзе СВК "Усход-Агра" ізноў пасее бульбу на сваіх палях. Гэта 250 гектараў, палова з іх — камяністая глеба, камбайна для ўборкі якіх гаспадарка не мае. Хто будзе збіраць гэтую бульбу?

У праваабаронцаў ёсць спадзяванні, што праз рэзананс вакол гібелі Вікторыі Папчэні звычка "выхоўваць" школьнікаў "бульбай" знікне з беларускай рэчаіснасці. Пакуль жа Андрэй Стрыжак кажа пра намер абскарджваць рашэнне Маладзечанскага раённага суда ў судзе вышэйшай інстанцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі