Сукамернік Гараўскага пацвердзіў, што сядзеў з ім у 2000 годзе ў "Валадарцы"

Сукамернік Гараўскага пацвердзіў, што сядзеў з ім у 2000 годзе ў "Валадарцы"

У 2000 годзе баец Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) Юрый Гараўскі апынуўся ў камеры СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Гэта журналістам партала TUT.by распавёў Вадзім Чарнышоў, які быў яго сукамернікам. 

Чарнышоў займаўся ў 1990-я будаўнічым бізнесам і апынуўся за кратамі з-за прэтэнзій да яго. Увосень 1999 года Чарнышова экстрадавалі з Польшчы ў Беларусь. Суд над ім адбыўся 29 верасня 2000 года. За пару месяцаў да суда Чарнышоў апынуўся ў адной камеры з Гараўскім. Яны правялі разам каля месяца.

Яны сядзелі ў так званым "двайніку" — камеры на двух чалавек, памерамі два на тры метры. Чарнышоў кажа, што вельмі добра запомніў Гараўскага: "Такі здаровы хлопец. Плюс я запомніў, што ён называў сябе байцом САХРа. Усё ж такі гэта рэдкая з'ява, каб "сахравец" трапіў на Валадарскага".

Па словах Чарнышова, Гараўскі не верыў, што можа апынуцца за кратамі, бо ён міліцыянт. 

Пра затрыманне Чарнышоў ведае са словаў самога Гараўскага: "Паводле яго слоў, да знаёмых міліцыянтам, то бок да яго, звярнуўся чалавек, папрасіў спагнаць даўгі, таму што папярэдні даўжнік пайшоў да бандытаў. Ён узяў нейкіх там пару сваіх чалавек, яны паганялі гэтых бандытаў. Але паганялі так, што бандыты самі пабеглі ў міліцыю. Міліцыянты з РАУС, па яго словах, калі правялі назіранне, убачылі: гэта здаравенныя хлопцы, "новыя твары ў бандыцкім свеце" — і выклікалі нейкае спецпадраздзяленне. Гэта значыць РАУС браў кампанію не сваімі сіламі. А так бы іх нібыта ніхто не пасадзіў".

Гараўскі распавядаў сукамерніку пра сваю службу ў САХР. "Казаў, што яго падраздзяленне нібыта мае дачыненне да ліквідацыі нейкіх аўтарытэтаў. Але канкрэтных прозвішчаў не называў. Наогул, былі намёкі, што яны абаранялі Мінск ад бандытаў і ён здзяйсняў дзеянні, пра якія казаць не варта", — згадвае Чарнышоў. Таксама Гараўскі казаў, што яго хутка выпусцяць, і намякаў, быццам ён "штосьці ведае". 

Ці быў Гараўскі асуджаны, Чарнышоў не ведае.

Юрый Гараўскі ў фільме DW расказаў, што быў саўдзельнікам у забойстве Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага ў 1999 годзе. Былы баец САХР знаходзіцца ў Еўропе, дзе ён папрасіў палітычны прытулак. 

Дарэчы, у дакументальным фільме пра САХР, знятым у 1999 годзе, Гараўскі зняўся ў пастановачнай сітуацыі па захопе закладніцы (з 6:08). 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі