"Сумленным людзям", якія мусілі лічыць бюлетэні ў Германіі, адмовілі
Тром "сумленным людзям", якія цудам трапілі ў выбарчыя камісіі ў Германіі, адмоўлена ў падліку бюлетэняў 9 жніўня. Амбасада Беларусі ў Берліне і консульства ў Мюнхене патлумачыла гэта эпідэміялягічнай сітуацыяй, піша радыё "Свабода".
У Берліне лічыць бюлютэні апроч супрацоўнікаў дыпмісіі мусіла Яўгенія Лявонава — яна працуе ў адным з нямецкіх онлайн-банкаў. Яўгенія ўжо была на першым паседжанні камісіі, і мела план працы на выбары. Але 10 ліпеня ён паведамілі, што колькасьць сябраў выбарчай камісіі скарочаная.
"Мне сказалі, што прыйшла нота з Міністэрства замежных спраў Беларусі, што выбары ў Германіі павінны праводзіцца з засцярогамі ў сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй. Таму камісію з васьмі чалавек скарацілі да шасці", — кажа Яўгенія.
Артур Роо і яшчэ адзін грамадзянін Беларусі мусілі 9 жніўня працаваць на ўчастку ў генеральным консульстве ў Мюнхене. Абодвух таксама выключылі з камісіі, і цяпер у ёй засталося толькі тры чалавекі, якія працуюць у консульстве.
"Консул сказала, што гэта на падставе эпідэмсітуацыі ў Германіі і пастановы нямецкага ўраду. Я спытаўся, чаму яны кіруюцца нямецкім заканадаўствам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. На гэта не было ніякага адказу", — расказаў хлопец радыё "Свабода".
Усяго ў выбарчыя камісіі спрабавалі патрапіць 2035 "сумленных людзей" — гэта беларусы, якія раней ніколі не ўдзельнічалі ў падліку галасоў на выбарах, але паверылі ў тое, што іх з'яўленне ў камісіях паспрыяе правядзенню сумленных выбараў. Аднак раённыя адміністрацыі аддавалі перавагу правераным людзям — чыноўнікам, настаўнікаў — тым, хто не ўпершыню ўдзельнічае ў падліку галасоў. У выніку прайшлі ў камісіі толькі восем "сумленных людзей": трое ў Германіі, трое ў Венгрыі, і двое ў Беларусі. Але, як бачым, цяпер іх засталося толькі пяцёра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.