Сумленныя людзі: на выбарах хочуць не толькі назіраць, але і лічыць галасы

Выбарчы ўчастак у Беларусі / Еўрарадыё
Выбарчы ўчастак у Беларусі / Еўрарадыё

Чэргі да пікетаў, затрыманні ўжо на этапе збору подпісаў, свежыя палітычныя фігуры, мем пра 3% у аднаго з "кандыдатаў у кандыдаты" — выбары-2020 ужо вельмі непадобныя да папярэдніх. Яшчэ адна фішка цяперашніх выбараў — імкненне беларусаў самім лічыць галасы на выбарчых участках.

Ініцыятыва "Сумленныя людзі" за пару тыдняў сабрала некалькі тысяч падпісчыкаў у "Тэлеграме", "Інстаграме" і "Фэйсбуку". Яе сутнасць у тым, каб максімальна спрасціць для ахвотных шлях у камісіі, якія працуюць на выбарчых участках.

 

Раней такога не было?

Раней ва ўчастковыя камісіі спрабавалі прабіцца хіба што прадстаўнікі апазіцыйных партый. На жаль — практычна безвынікова. Даводзілася здавольвацца роляй назіральнікаў, гэта значыць глядзець на падлік галасоў з адлегласці некалькі метраў і з-за мужных спін настаўнікаў і прафсаюзных актывістаў, якія звычайна шчыльна абступаюць стол з бюлетэнямі.

Не, сёе-тое назіральнікі, вядома, могуць. Напрыклад, на мінулых парламенцкіх выбарах у брэсцкага актывіста Юрыя Вашчанчука амаль атрымалася злавіць выбаршчыцу на ўкідзе бюлетэняў. Але ўсё скончылася тым, што самога Вашчанчука пазбавілі акрэдытацыі назіральніка.

 

Што трэба, каб сваімі рукамі лічыць галасы?

Вылучацца ва ўчастковыя выбарчыя камісіі могуць прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў і проста "героі-адзіночкі". Можна выбраць любы ўчастак у краіне — прывязкі да рэгістрацыі няма.

Далей трэба сабраць 10 подпісаў за сваё вылучэнне ад людзей, якія жывуць на тэрыторыі ўчастка. Вось тут строга па рэгістрацыі. Подпісы трэба прынесці ў выканкам, да якога "прывязаны" ўчастак. Не забыўшыся прыхапіць з сабой пашпарт.

Калі па нейкіх прычынах у рэгістрацыі будзе адмоўлена, абскардзіць рашэнне можна ў судзе на працягу трох дзён. Аднак для падачы такой скаргі трэба будзе зноў сабраць 10 подпісаў ад грамадзян, якія ўжо раней падпісваліся за вылучэнне. Такое ў нас выбарчае заканадаўства!

У склад участковых камісій не могуць уваходзіць суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Усе астатнія грамадзяне ў тэорыі могуць трапіць ва УВК.

 

Фальстарт

"Сумленныя людзі" з'явіліся праз пару дзён пасля таго, як мінскі прадпрымальнік Аляксандр Паравой, які застаўся без працы, вырашыў не губляць часу дарма і падацца ва ўчастковую выбарчую камісію. Спачатку яму адмовілі — маўляў, месцаў ужо няма. Хлопец абурыўся і напісаў пост у "Фэйсбук". Пасля гэтага ЦВК растлумачыла, што ён прыйшоў занадта рана.

Честные люди: на выборах белорусы хотят не только наблюдать, но и считать голоса

 

"Вельмі многія пішуць, што шанцаў туды трапіць няма, 99 адсоткаў, што гэта не атрымаецца. Многія адразу збіраюць подпісы пад заявай у суд — на выпадак адмовы, — расказвае Аляксандр Паравой. — Я такім не займаўся. Я шчыра веру ў тое, што я магу трапіць, таму на цяперашні момант я выключна ў рамках закона збіраю дакументы".

 

Tinder для выбаршчыкаў

Праграміст-распрацоўшчык Канстанцін Рэйда таксама вырашыў трапіць ва ўчастковую камісію. Збіраючы подпісы, ён прыдумаў сэрвіс для актыўных грамадзян. Працуе ён па прынцыпе праграм для знаёмстваў: чалавек, гатовы паставіць подпіс за вылучэнне каго-небудзь у камісію на сваім участку, пазначае сябе. Таму, хто вылучаецца, застаецца толькі зазірнуць да яго з заявай. Гэта зручна: не трэба бегаць ад кватэры да кватэры і па 10 разоў тлумачыць жыхарам, хто ты і што табе трэба. 

Честные люди: на выборах белорусы хотят не только наблюдать, но и считать голоса

"Бо не з усімі можна знайсці агульную мову. Людзі не заўсёды адназначна рэагуюць на прапанову падпісацца, а тым больш падпісацца на чатырох аркушах. Мы ж адразу збіраем подпісы і за вылучэнне, і за (магчымае) аспрэчванне адмовы ў судзе. Для аспрэчвання будзе ўсяго тры дні — складана будзе потым знайсці тых жа 10 чалавек. А калі просіш чалавека падпісацца за нешта, дзе фігуруе "суд", многія адмаўляюцца", — тлумачыць Рэйда.

Вірусным праект не стаў: зарэгістравалася каля ста чалавек. Але як мінімум сабраць подпісы за сваё вылучэнне айцішнік змог.

 

Засталося чатыры дні

У нейкі момант праекту "Сумленныя людзі" рэспектуе Віктар Бабарыка, што як бы намякае на паходжанне ініцыятывы. Аднак у сацсетках "Сумленных людзей" няма ні грама агітацыі. Усё толькі па справе: пакрокавыя інструкцыі, усе патрэбныя бланкі і алгарытм дзеянняў на выпадак парушэнняў. 

"Сумленныя людзі" паведамляюць, што іх бланкі на ўступленне ва ўчастковыя камісіі запоўнілі больш за тысячу чалавек. Дакументы ў выканкамы сёлета трэба падаць да 21 чэрвеня — пакуль яшчэ ёсць шанц ускочыць у апошні вагон. А ўжо 24 чэрвеня будуць прыняты рашэнні аб утварэнні УВК. Тады і стане вядома, ці дапусцілі ўлады Аляксандра Паравога, Канстанціна Рэйду і іншых сумленных людзей да падліку галасоў.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі