Супраць Шайгу распачалі крымінальную справу, могуць аб'явіць у вышук
Зрабіла гэта Галоўнае следчае ўпраўленне Міністэрства ўнутраных спраў Украіны. Міністру абароны Расіі прапануюць добраахвотна з'явіцца ў Кіеў.
Пра гэта паведаміў у Facebook міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў. Крымінальная вытворчасць распачатая не толькі ў дачыненні міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу, але і супраць расійскага прадпрымальніка Канстанціна Малафеева (яго падазраюць у фінансаванні незаконных узброеных фармаванняў).
Украінскія праваахоўнікі сцвярджаюць, што з сакавіка 2014 года і да цяперашняга часу пры падтрымцы службовых асобаў Мінабароны Расіі, якое ачольвае Шайгу, былі "сфармаваныя незаконныя ўзброеныя групы, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны". Адзначаецца, што гэтыя фармаванні, якімі камандуюць грамадзяне Расіі, здзяйсняюць сістэмныя напады на органы ўкраінскай улады, на вайскоўцаў, праваахоўнікаў, на прадпрыемствы, што прывяло да шматлікіх ахвяраў і разбурэнняў.
"У цяперашні час Галоўнае следчае ўпраўленне МУС Украіны робіць захады, прадугледжаныя ўкраінскім заканадаўствам, для прыцягнення грамадзян Шайгу С. Г. і Малафеева К. В. да ўдзелу ў следчых дзеяннях. У выпадку няяўкі пазначаных асобаў следства будзе вымушанае прыняць меры для прымусовага прыводу да месца выкліку. У далейшым у дачыненні да пазначаных асобаў судом можа быць абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, а самі яны аб'яўленыя ў вышук", — гаворыцца ў дакуменце.
Нагадаем, у чэрвені Следчы камітэт Расіі распачаў крымінальную справу ў адносінах Арсена Авакава і губернатара Днепрапятроўскай вобласці Ігара Каламойскага.
Фота — ria.ru