Супрацоўнікі "Беларусьфільма" адмовіліся працаваць з Міхаілам Парэчанкавым

Тэлеканал "Белсат" паведамляе пра скандал, які ўзнік на кінастудыі "Беларусьфільм". Па словах ананімнага супрацоўніка нацыянальнай кінастудыі, работнікі "Беларусьфільма" адмовіліся працаваць з расійскім кінаартыстам Міхаілам Парэчанкавым.

"Калі Парэчанкаў яшчэ толькі збіраўся прыехаць у Мінск, на кінастудыі людзі пачалі проста абурацца. Людзі адмаўляліся працаваць з ім, паколькі ўсім яшчэ ў памяці падзеі ў Данецкім аэрапорце, усім у памяці тыя бязглуздыя апраўданні, якія ён казаў... І адыграла ролю яшчэ тое, што Парэчанкаў аб'яўлены ў міжнародны вышук па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу", — кажа ананімны супрацоўнік кінакампаніі.

Па яго словах, касцюмеры, грымёры і іншыя работнікі паклалі заяву на стол дырэктара "Беларусьфільма", што адмаўляюцца працаваць з Парэчанкавым, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Паведамляецца, што ў адказ Парэчанкаў учыніў скандал на кінастудыі і з'ехаў.

Паводле супрацоўніка "Беларусьфільма", Парэчанкаў нібыта мусіў здымацца ў фільме, прысвечаным падзеям 1943 года. Расійскі актор планаваў граць ролю супрацоўніка НКУС.

Афіцыйнага пацверджання скандалу з Парэчанкавым пакуль няма.

Падчас леташняга візіту ў Данецкі аэрапорт да сепаратыстаў артыст Міхаіл Парэчанкаў страляў у бок украінскіх войскаў з буйнакалібернага кулямёта. Пры гэтым ён меў на галаве каску з надпісам "Прэса". Расійскі саюз журналістаў назваў такія дзеянні подласцю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі