Супрацьстаянне скончылася: авіякампаніі РФ і ФРГ атрымалі дазволы на палёты
Некалькі авіярэйсаў паміж Расіяй і Германіяй былі адмененыя / Reuters
На фоне неабходнасці аблятаць Беларусь пад пытаннем апынуліся авіязносіны паміж Германіяй і Расіяй.
1 чэрвеня нямецкая авіякампанія Lufthansa была вымушаная адмяніць запланаваныя на сераду рэйсы ў Маскву і Санкт-Пецярбург, таму што расійскія ўлады своечасова не далі дазволу на палёты ў Расію. Затым вылецець у Германію не змаглі самалёты ўжо расійскіх авіякампаній "Аэрафлот" і S7. У іх не апынулася дазволу ад нямецкіх авіяцыйных уладаў.
Ужо 2 чэрвеня ўсе дазволы былі атрыманы, паведамляе ТАСС. Што стала прычынай замінкі з дазволамі, прадстаўнікі бакоў публічна не гавораць. Але раней нямецкі канцэрн заявіў пра намер аблятаць Беларусь у сувязі з інцыдэнтам з самалётам Ryanair, і што ўжо мае дазвол на палёты ў Маскву і Санкт-Пецярбург па змененых маршрутах, абыходзячы паветраную прастору Беларусі.
Пасля вымушанай пасадкі ў Мінску самалёта ірландскага лоўкоста Еўрапейскае агенцтва авіябяспекі EASA рэкамендавала Еўрапейскім авіякампаніям пазбягаць паветранай прасторы Беларусі да заканчэння міжнароднага расследавання. Акрамя таго саміт ЕС забараніў беларускім авіякампаніям рэйсы ў аэрапорты ЕС і палёты над тэрыторыяй Еўрапейскага Саюзу.
З улікам практычна закрытай для беларусаў наземнай мяжы трапіць у ЕС цяпер можна толькі з перасадкай у трэціх краінах. Адным з такіх хабаў становіцца Масква.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.