Сваякам расстралянага "чорнага рыэлтара" прыйшлі ягоныя рэчы
Маці расстралянага "чорнага рыэлтара" Ігара Гершанкова атрымала поштай рэчы сына, піша праваабарончы сайт "Вясна".
На зваротным адрасе пазначаны горад Глуск Магілёўскай вобласці з канкрэтнай вуліцай і домам. Пры гэтым на пасылцы стаяць пячаткі г.п. Акцябрскага Гомельскай вобласці.
Аб расстрэле Гершанкова стала вядома 28 лістапада. Маці хацела трапіць на прыём да начальніка СІЗА №1, каб даведацца пра лёс сына. У адказ на гэта ёй сказалі, што Гершанкоў "выбыў з СІЗА з рэчамі". Толькі ў Магілёўскім абласным судзе жанчыне пацвердзілі, што прысуд прыведзены ў выкананне.
Цяпер жанчына збіраецца ехаць шукаць сына па адрасах, пазначаных на скрыні.
Праваабаронцы “Вясны” з дапамогай сайта "Бепошты" праверылі, адкуль была адпраўленая пасылка з рэчамі Гершанкова — з Глуска ці з Акцябрскага. Выявілася, што насамрэч пасылка ішла з Акцябрскага Гомельскай вобласці.