Сваякі загінулых з рэйсу MH17 выйгралі суд супраць Гіркіна-Стралкова
У Злучаных Штатах сваякі ахвяраў авіярэйса MH17 выйгралі судовы працэс супраць Ігара Гіркіна (Стралкова), былога лідара прарасійскіх сепаратыстаў ва Украіне. Гэты выйгрыш дае ім права атрымаць сотні мільёнаў долараў кампенсацыі, перадае Радыё "Свабода" са спасылкай на галандскую тэлевізійную праграму Zembla.
Позву супраць Гіркіна (Стралкова) падалі 25 сваякоў загінулых, у тым ліку 10 галандцаў. Суд у амерыканскім штаце Ілінойс пастанавіў, што кожны сваяк мае права на кампенсацыю ў 20 мільёнаў долараў.
Сам Гіркін, як паведамляецца, на судзе не прысутнічаў, а знайсці яго па хатнім адрасе ў Маскве не ўдалося. Таму верагоднасць, што ён выплаціць кампенсацыю сваякам загінулых, вельмі малая.
Адвакат адной з сямей, якія ўдзельнічалі ў працэсе, патлумачыў, што вялікая сума пазову была заяўленая для таго, "каб праліць святло на страшную трагедыю, якую яны перажылі, і прымусіць свет засяродзіцца на ёй, каб прыцягнуць да адказнасці людзей, такіх як Гіркін".
Нагадаем, што рэйс "Малайзійскіх авіялініяў" пад нумарам MH17 Амстэрдам — Куала-Лумпур быў збіты 17 ліпеня 2014 года на ўсходзе Украіны. Пры гэтым загінулі ўсе 298 чалавек на борце самалёта, у іх ліку было 196 грамадзян Нідэрландаў.
Расследаванні паказваюць, што Boeing 777 быў збіты ракетнай сістэмай "Бук", размешчанай на тэрыторыі, якую кантралявалі прарасійскія сепаратысты. Таксама следчыя адсачылі, што "Бук" быў прывезены з Расіі на кропку запуску, а потым вярнуўся назад.