Святара, які асудзіў гвалт, перавялі з сабора ў Гродне ў аграгарадок
Георгій Рой / facebook.com/georgewroi
Святара Георгія Роя, які адкрыта выступіў супраць гвалту з боку сілавікоў, перавялі служыць з кафедральнага сабора Гродна ў аграгарадок Квасоўка. Праваслаўная супольнасць у гэтай вёсцы складае каля 200 чалавек.
У жніўні 2020-га протаірэй Георгій Рой адкрыта выступіў супраць гвалту з боку сілавікоў. А яшчэ да выбараў ён звярнуўся да вернікаў з заклікам не далучацца да хлусні, таму што бацькам хлусні ёсць д'ябал.
Пра тое, што "Георгій Рой больш не настаяцель сабора" — галоўнага праваслаўнага храма Гродна — стала вядома днямі. Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў Facebook прэс-сакратар Гродзенскай епархіі БПЦ дыякан Дзмітрый Паўлюкевіч. І гэта не адзінае кадравае рашэнне, прынятае па Гродзенскай епархіі, адзначыў ён.
Раней, нагадаем, у адстаўку быў адпраўлены архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. Афіцыйна гэта патлумачылі "станам здароўя". Аднак сам ён казаў, што сур'ёзных праблем са здароўем у яго няма. Упартыя чуткі звязвалі адстаўку Арцемія з яго пазіцыяй: ён таксама адкрыта і неаднаразова асуджаў гвалт з боку сілавікоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.