Святлана Алексіевіч і Рада Саюза пісьменнікаў — супраць рэстарана ля Курапатаў
Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) выступіла з адмысловай заявай наконт рэстарана "Поедем поедим", адкрытага каля Курапатаў. Сярод падпісантаў заявы — Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч.
Аўтары заявы адзначаюць, што забаўляльны комплекс-рэстаран “Поедем поедим” адчыніўся амаль у трыццатую гадавіну першай публікацыі праўды пра Курапацкую трагедыю. Сам рэстаран размешчаны непасрэдна каля месца ўшанавання і грамадскага мемарыялу па ахвярах сталінскіх забойстваў. "Цягам некалькіх гадоў дэмакратычная супольнасць праводзіла маніторынг дзейнасці ўласнікаў рэстарана і рэагавала на ўсе спробы яго адкрыцця, а пасля таго як гэта ўсё-такі здарылася, распачала бестэрміновую акцыю негвалтоўнага супраціву", — пішуць аўтары заявы.
Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў рашуча пратэстуе з нагоды адкрыцця рэстарана. "Такой ганьбы не зведвала ніводнае месца памяці ахвяр, ніводзін мемарыял у свеце: забудова вакол іх заўсёды і неадменна плануецца з улікам меркаванняў супольнасці, у тым ліку меркаванняў маральна-этычных, якія, як мы вымушаны адзначыць, вельмі рэдка ўлічваюцца ў Беларусі ў дачыненні ахвяр сталінскіх рэпрэсій. З другога боку, ніводзін забаўляльны рэстаран не адкрыецца ў Хатыні, Трасцянцы, як не адкрыты ён у Асвенціме ці Майданаку. Але ў Курапатах, дзе былі расстраляныя сотні беларускіх паэтаў, празаікаў, актораў і навукоўцаў, дзясяткі тысяч дагэтуль невядомых людзей, такая знявага па-ранейшаму магчымая", — з горыччу канстатуецца ў заяве.
Рада СБП заклікае ўладальнікаў зямлі, на якой збудаваны комплекс, да шырокага грамадскага дыялогу, які дазволіць вырашыць канфлікт з улікам усіх інтарэсаў.
"Памяць пра сотні тысяч загінулых, знішчаных сыноў і дачок Беларусі проста патрабуе ад нас стварэння ў Курапатах Музея ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій", — гаворыцца ў дакуменце.
Акрамя Святланы Алексіевіч заяву падпісалі такія вядомыя пісьменнікі, як Уладзімір Арлоў, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Някляеў, Андрэй Хадановіч ды інш.