Святлана Алексіевіч: Я пайшла б на сустрэчу да Лукашэнкі
Святлана Алексіевіч не верыць, што з беларускай уладай магчыма дасягнуць кампрамісу. Пра гэта пісьменніца і нобелеўская лаўрэатка паведаміў ў інтэрв'ю парталу tut.by.
Падчас гутаркі ўзнікла тэма кампрамісу грамадства з уладай. Пісьменніца прызналася, што яе вельмі цікавіць гэтая тэма. "Але я не веру нашай уладзе. Макей, можа быць, і кажа шчыра. Ён хацеў бы так. Але, думаю, ён таксама не вельмі трывала сябе адчувае. Хутчэй, я гляджу на Макея (Уладзімір Макей, міністр замежных спраў. — Еўрарадыё) як на трагічную постаць. Невядома, чым скончыцца яго жаданне іншай Беларусі. Напэўна, не без яго дапамогі дасягаецца гэты пакрокавы кампраміс. Ён адзін з думаючых людзей ва ўладзе, але ў нас усё вырашае адзін чалавек. Наколькі ён змяніўся за гэтыя 20 гадоў? Ці не зрушыў нікуды? Таму што калі я чую "пойдзеш у кайданках", мне здаецца, што 20 гадоў таму мы з гэтага і пачыналі", — разважае пісьменніца пра сутнасць беларускай улады.
Алексіевіч прызнаецца, што не з'яўляецца прыхільніцай Аляксандра Лукашэнкі, але мяркуе, што для яго прыйшлі нялёгкія часы. "Бо Захад яму незразумелы, а Расея "нахіляе", як ён сам кажа, маленькай Беларусі прыходзіцца складана", — апісвае яна сітуацыю.
Адзіным выхадам з такой сітуацыі пісьменніца бачыць такі: "Падняць уласнае грамадства на супрацьстаянне, знайсці кропкі апоры: адукацыя, маладое пакаленне. Патэнцыял у нас — толькі людзі. Іншага не дадзена".
Сама Алексіевіч кажа, што ёсць умова, на якой яна магла б пайсці на кампраміс з беларускай уладай: "Я магла б пайсці на кампраміс з уладай, якая перадала б свае паўнамоцтвы на сумленных выбарах. І гэта, дарэчы, адзіны шлях, калі Лукашэнка мог бы застацца ў гісторыі, а не даводзіць справу да сутыкнення з грамадствам".
Дарэчы, на сустрэчу з кіраўніком Беларусі пісьменніца, па яе словах, пайшла б. "Я б пайшла да яго на сустрэчу. Ён, кажуць, пакрыўдзіўся, што я адмовілася. Але мяне, уласна, ніхто не запрашаў. Паша Якубовіч (ранейшы рэдактар газеты "СБ. Беларусь сегодня". — Еўрарадыё) казаў, што Лукашэнка хацеў сустрэцца. Але хто такі Паша Якубовіч? Гэта ж не Ананіч (Ліліля Ананіч, папярэдні міністр інфармацыі. — Еўрарадыё). Я б пайшла з цікавасці, так.