Святлана Алексіевіч: “Я ў нейкім недарэчным становішчы…”
У сераду пісьменніца ляціць на кніжны кірмаш у Франкфурт, а 10 кастрычніка стане вядома, ці атрымае яна сёлета Нобелеўскую прэмію па літаратуры.
За два дні да абвяшчэння лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Еўрарадыё датэлефанавалася да Святланы Алексіевіч. Нобелеўскі камітэт не публікуе шорт-лістоў, але ў рэйтынгу букмекераў беларуская пісьменніца зараз ідзе чацвёртай. Яна апярэджвае, напрыклад, Умберта Эка і Яўгена Еўтушэнку.
Алексіевіч прызналася, што ўжо стамілася ад тэлефанаванняў з усяго свету. А каментаваць перспектывы атрымання “нобеля” адмовілася: “Я ў нейкім недарэчным становішчы… Як гэта я буду пра гэта казаць?”
Заўтра пісьменніца ляціць на кніжны кірмаш у Франкфурт, каб прэзентаваць там сваю апошнюю кнігу “Время секонд-хенд”. Без перабольшанняў, Франкфурцкі кірмаш — адна з цэнтральных падзеяў у літаратурным жыцці свету. Сёлета ён адкрываецца за дзень да таго, як стане вядомы ўладальнік Нобелеўскай прэміі па літаратуры.
Але нават калі Алексіевіч не дастанецца “нобеля”, яна не застанецца без прэміі. У апошні дзень Франкфурцкага кірмашу, 13 кастрычніка, ёй будзе ўручаная Прэмія міру Саюза нямецкіх гандляроў кнігамі. Цырымонія адбудзецца ў саборы Святога Паўла.
На Франкфурцкім кірмашы Святлана Алексіевіч будзе асаблівым госцем расійскага стэнда. Кніга “Время секонд-хенд” — апошні том у цыкле з пяці работ пісьменніцы пад агульнай назвай "Чырвоны чалавек. Галасы ўтопіі". У сярэдзіне верасня 2013 года яна адначасова выйшла ў Расіі, Швецыі і Германіі.
На здымку з архіву: Святлана Алексіевіч падчас міжнароднага кніжнага кірмашу ў Мінску, 2009 год. Фота — bymedia.net