Святлана Ціханоўская павіншавала беларусаў З Днём Волі
Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская з нагоды Дня Волі звярнулася да суграмадзянаў з віншаваннем. Яна прызналася, што "як і многія беларусы, раней не лічыла 25 сакавіка важнай датай. Але ў 2020 годзе ўсё змянілася".
Па словах Ціханоўскай, БНР стала той старонкай нашай гісторыі, "дзякуючы якой праз гады Беларусь атрымала незалежнасць, а не засталася шасцю абласцямі ў складзе іншай краіны".
"І сёння — наш дзень і наш свята. Я віншую нас з тым, што ў нас з'явіліся адзінства, салідарнасць і воля", — адзначыла яна.
Ціханоўская ўзгадала таксама і пра галасаванне на платформе "Голас", дзе за тыдзень было сабрана амаль 750 тысяч галасоў за перамовы з уладай аб новых выбарах. Яна кажа і пра тое, што ўлада спрабуе сарваць галасаванне — блакуе доступ да сайта, стварае фэйкавыя рассыланні і спрабуе запалохаць беларусаў, якія хочуць прагаласаваць.
"Але наша воля расце — і разам з ёй расце іх страх", адзначыла яна. Ціханоўская нагадала, што ідэю перамоваў падтрымалі шэраг еўрапейскіх краін.
Напрыканцы Святлана Ціханоўская пажадала ўсім беларусам сустрэць наступны Дзень Волі "ў той Беларусі, якую мы заслугоўваем" — у краіне, дзе паважаюць закон і людзей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.