Сяргей Ціханоўскі ў турме пачаў губляць зрок

Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў зняволенні з траўня 2020 года​  / @tsikhanouskaya
Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў зняволенні з траўня 2020 года​  / @tsikhanouskaya

Праз высокі ціск у палітвязня Сяргея Ціханоўскага з'явіліся праблемы са зрокам. Аб гэтым ён напісаў у лісце знаёмым, якія жывуць у Гомелі. Вытрымкі з ліста прыводзіць "Радыё Свабода".

"Я ў цэлым нармальна, але раней моцна перажываў, праз гэта з ціскам праблемы былі, мералі – нават 180 на 100 было. А празь ціск зрок сеў...", – піша Сяргей Ціханоўскі.

Яшчэ ён распавядае, што бывае на прагулках у турме. Але піша, што яны адбываюцца ў бетонным дворыку, і там не відаць неба.

Ціханоўскі ў зняволенні з траўня 2020 года. Яго абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: "Арганізацыя масавых беспарадкаў", "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", "Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў" і "Распальванне нянавісці".

У канцы чэрвеня ў Гомелі пачаўся суд. Працэс зрабілі закрытым. Ён праходзіць у будынку СІЗА. Разам з ім судзяць Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзмітрыя Папова. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

На гэтым тыдні адвакатка Наталля Мацкевіч выказала здагадку, што гэты судовы працэс не будзе хуткім.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі