Сяргей Зікрацкі — пра заяву СК: Тое, што было на Акрэсціна, — гэта катаванні

Сяргей Зікрацкі — пра заяву СК: Тое, што было на Акрэсціна, — гэта катаванні

Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі пракаментаваў сённяшнюю заяву Следчага камітэта.

Як распавядала Еўрарадыё, СК адмовіўся пачынаць крымінальную справу па 680 заявах людзей, якія сведчылі пра катаванні на Акрэсціна ў перыяд 9-15 жніўня 2020 года. Следчыя заявілі, што няма падставаў для крымінальнай справы. Маўляў, сіла і спецсродкі ўжываліся сувымерна і ў адпаведнасці з законам. А заявы падавалі людзі, якія хацелі атрымаць у іншых краінах палітычны прытулак. Сілавікі ж, нібыта, дзейнічалі так, каб прычыніць найменшую шкоду.

"Ці лічыце вы "сувымерным абстаноўцы" трымаць у душнай маленькай камеры дзясяткі чалавек больш за суткі без вады і пітва? 

Ці лічыце вы сувымернымі дзеянні супрацоўнікаў, якія пазначалі валасы людзей фарбай, потым стрыглі іх і збівалі? 

Найменшая шкода ў гэтай абстаноўцы — гэта прагнаць праз калідор з дубінкамі, а потым ставіць на калені і біць тых, хто ўжо не мог стаяць, праўда? Бо не забілі — значыць, шкода меншая. 

Калі вы кажаце пра дбайнае вывучэнне довадаў усіх заяўнікаў, ці звяртаеце вы увагу на запісы тэлефонных размоў сілавікоў, якія былі апублікаваныя кіберпартызанамі? Ці не там прамое прызнанне ў намеры здзяйсняць гвалт па прычыне палітычных перакананняў? 

Пачытайце заўвагу да артыкула 128 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Там ёсць вызначэнне катаванняў. Тое, што было на Акрэсціна, — гэта катаванні", — цытуе словы Зікрацкага штаб Ціханоўскай.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі