Сяргей Зікрацкі: трэба ў судзе патрабаваць інфармацыю пра стан здароўя Кастусёва
— Інфармацыя пра стан здароўя вельмі важная. І Крымінальны кодэкс, і Крымінальна-працэсуальны кодэкс прадугледжваюць магчымасці, якія залежаць ад стану здароўя чалавека. Калі ён вельмі дрэнны, то мы можам патрабаваць, каб змянілі меру стрымання ці нават вызвалілі ад крымінальнай адказнасці, — кажа юрыст, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі.
Эксперт адказвае ў эфіры Еўрарадыё, як павінна аказвацца медычная дапамога за кратамі, і разглядае сітуацыю кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, чый стан здароўя ў зняволенні моцна пагоршыўся.
Аднолькавыя правы на атрыманне медычнай дапамогі
Нашае заканадўства не вызначае нейкіх адрозненняў для аказання медычнай дапамогі для тых, хто знаходзіцца за кратамі. І тыя, хто на свабодзе, і тыя, хто за кратамі, маюць аднолькавыя правы на атрыманне дапамогі.
Адзінае, можа быць абмежаванне ў сувязі з тым, што да зняволенага мусяць быць прымененыя пэўныя меры бяспекі. Гэта ўсё. Таму, калі чалавек сябе дрэнна адчувае, дапамога мусіць быць аказаная ў поўным аб’еме.
На жаль, на сённяшні момант у месцах затрымання, як па адміністрацыйных правапарушэннях, так і па крымінальных, гэтыя ўмовы не выконваюцца. Узровень аказання медычнай дапамогі вельмі нядобры.
Трэба звяртацца ў суд
Мы на сённяшні момант не ведаем, які стан здароўя ў Рыгора Кастусёва. Быццам бы робяцца нейкія даследаванні, быццам бы даюцца нейкія лекі, але ні родныя, ні сам спадар Кастусёў гэтых вынікаў не мае.
Улічваючы, што яго стан здароўя пагаршаецца, гэта кажа пра тое, што сітуацыя даволі крытычная. Я параіў бы ў такіх выпадках спасылацца на 41-ы артыкул аб ахове здароўя і патрабаваць, каб была дадзеная інфармацыя. Тое, што яму было празначанае лячэнне, якое адпавядае захворванню, — гэта не ёсць дакладная інфармацыя.
У мяне ёсць вельмі вялікае падазрэнне, што, можа быць, заявы, якія Рыгор падае ў адміністрацыю, нават не трапляюць туды, куда трэба трапляць. Я параіў бы родным звяртацца ў суд і патрабаваць у судовым парадку атрымання інфармацыі пра стан здароўя Рыгора. Яна вельмі важная. З этычнага, маральнага боку, таму што гэта інфармацыя пра стан здароўя нашага блізкага.
Але ёсць яшчэ і юрыдычны бок, таму што і Крымінальны кодэкс, і Крымінальна-працэсуальны кодэкс прадугледжваюць магчымасці, якія залежаць ад стану здароўя чалавека. Калі ён будзе пагаршацца, калі ён вельмі дрэнны, то мы можам патрабаваць, каб змянілі меру стрымання. У некаторых выпадках можам нават патрабаваць, каб персона вызвалялася ад крымінальнай адказнасці. Таму гэта тое, што трэба патрабаваць ад СІЗА КДБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.