Сярод пакістанскіх праграмістаў рэкламуюць працу ў Беларусі

Праграміст, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Пакістанскіх айцішнікаў на некаторых сайтах заклікаюць ехаць на працу ў Беларусь. Ім абяцаюць высокія заробкі, пералічваюцца такія спецыяльнасці, як Software Developer, Web Designer, Network Engineer, заўважыла беларускае выданне devby.
"Беларусь — прыгожая краіна ў Еўропе — цяпер стала новай магчымасцю для кваліфікаваных і некваліфікаваных пакістанскіх рабочых. Урад Пакістана плануе адпраўку падрыхтаваных работнікаў у Беларусь для працы па розных напрамках, дзе прапануюцца добрыя заробкі і выдатныя ўмовы", — так гучыць рэклама на адным з пакістанскіх сайтаў.
Беларускі падарожнік Аляксандр Гойшык летась правёў у Пакістане пяць тыдняў, пабываў у новым каворкінгу ў Ісламабадзе і кантактаваў з мясцовымі айцішнікамі. Ён мяркуе, што пакістанскія спецыялісты не вельмі зацікаўленыя пераязджаць у Беларусь: "Некваліфікаваныя работнікі, можа, і зарабляюць, як у Беларусі. А кваліфікаваныя спецыялісты зарабляюць значна лепш, больш магчымасцяў. Усе вывучаюць англійскую мову. Беларусь не зможа забяспечыць ім такі ж узровень заробкаў".
Падарожнік кажа, што ў Пакістане праграмісты могуць працаваць на аўтсорс з многімі краінамі і Беларусь як пасярэднік ім не патрэбная.
Сузаснавальнік і дырэктар аднаго з першых каворкінгаў у Пакістане Джафангір Афзал у каментары devby таксама адзначыў, што ІТ-спецыялісты выбіраюць для эміграцыі іншыя напрамкі — ЗША, Канаду, Вялікабрытанію і Аўстралію. Пасля нядаўніх эканамічных і глабальных змяненняў вырасла цікавасць да Саудаўскай Аравіі ды ААЭ.
Беларусь, на яго думку, "не прыярытэтны выбар, але можа разглядацца як патэнцыйны кірунак пры наяўнасці важкіх стымулаў". У якасці такіх стымулаў эксперт назваў наступныя:
— спрошчаная працэдура атрымання пастаяннага віду на жыхарства;
— выразны план кар'ернага росту ці шлях міграцыі ў ЕС;
— спрашчэнне вядзення бізнесу для стартапаў з мінімальнымі фармальнасцямі і падаткамі;
— наяўнасць працоўных месцаў у добрых ІТ-кампаніях;
— сацыяльныя бенефіты, такія як ахова здароўя, адукацыя і да т.п.
Некалькі тыдняў таму Лукашэнка заявіў, што ў Беларусь могуць прыехаць 100-150 тысяч працоўных мігрантаў з Пакістана. Гэтая інфармацыя была неадназначна ўспрынятая ў грамадстве. У сацсетках сталі з'яўляцца допісы і відэаролікі з крытыкай гэтай ідэі. Міліцыя пачала "паляванне" на самых актыўных крытыкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.