Сёстры з Саудаўскай Аравіі ўзламалі праграму для сачэння і збеглі ў Грузію

codaru.com
codaru.com

Паводле матэрыялу Coda

У кватэры на ўскраіне Тбілісі хаваюцца дзве дзяўчыны з Саудаўскай Аравіі. Палохаючыся любога шуму за дзвярыма, яны распавядаюць, як перахітрылі сям'ю, саудаўскі ўрад і тэхналогіі, каб уцячы ад здзекаў і бяспраўя ва ультракансерватыўным ісламскім каралеўстве.

Махе — 28 гадоў, Вафа аль-Субайе — 25 гадоў. 1-га красавіка яны ўпершыню ў жыцці селі ў самалёт і паляцелі, спачатку ў Турцыю, а адтуль — у Грузію.

“Мы не ведаем, ці атрымаецца ў нас выжыць, трапіць у краіну, у якой мы будзем у бяспецы, ці нас адправяць дадому, і мы там памром”, — распавядаюць дзяўчаты.

Цяпер яны чакаюць адказу ад амбасад і ад аанаўскіх арганізацый і не ведаюць, што іх чакае ў будучыні. Пры гэтым у іх ёсць асаблівае пасланне для Google і Apple, IT-гігантаў, якія адмовіліся выдаліць са сваіх крамаў праграму арабскага ўрада Absher, якая дазволіла іх бацьку кантраляваць іх перамяшчэнне:

“Гэта тупая і агрэсіўная праграма, якая ўшчамляе жанчын”, — гаворыць Маха.

“Яны павінны або выдаліць яе, або памяняць у ёй дазвол і правы для юзэраў”, — працягвае яе малодшая сястра.

Запушчаная ў 2015 годзе, праграма Absher павінна была дапамагчы грамадзянам Саудаўскай Аравіі мець зносіны з мясцовай бухгалтэрыяй — рэгістраваць аўтамабілі, атрымліваць даведкі і іншыя дакументы. У прыватнасці, яна дазволіла мужчынам у каралеўстве даваць ці адклікаць дазвол сваім жанчынам на падарожжа — у адзін клік.

У сакавіку Google адмовіўся выдаліць праграму, заявіўшы, што яна не парушае ніякіх пагадненняў і канвенцый. Заява з'явілася пасля таго, як 14 амерыканскіх кангрэсменаў запатрабавалі ад Google і Apple выдаліць Absher са сваіх крамаў, назваўшы кампаніі "саўдзельнікамі ва ўціску жанчын Саудаўскай Аравіі".

CEO Apple Цім Кук паабяцаў разабрацца з Absher, але кампанія так і не адказала на ліст амерыканскіх заканадаўцаў.

Зрэшты, калі Google і Apple і выдаляць праграмы, гэта будзе лячэнне сімптому, а не хваробы, кажа Ротна Бегум, старэйшы даследчык па правах жанчын у Human Rights Watch. Праграма "пагаршае праблему" законаў аб мужчынскім апякунстве ў Каралеўстве Саудаўская Аравія, але "выдаленне праграмы можа зрабіць сітуацыю яшчэ горш", і ў жанчын будзе яшчэ менш магчымасцей збегчы.

Жанчыны шмат гадоў бягуць з Саудаўскай Аравіі, дзе іх правы моцна абмежаваныя. Увагу да гэтага прыцягнуў выпадак 18-гадовай дзяўчыны, якая атрымала летась прыстанак у Канадзе. Рааф Мухамед Алькун збегла ад бацькоў, калі яны разам адпачывалі ў Кувейце, паляцела ў Тайланд, дзе памежнікі забаранілі ёй уезд у краіну. Сябры і заўзятары Алькун пачалі кампанію ў сацсетках. Праз 48 гадзін агенцтва па правах бежанцаў ААН дало ёй статус бежанца, а далей ёй дала прытулак Канада.

Сёстры аль-Субайе планавалі гэтыя ўцёкі пяць гадоў. “Мы сачылі за лёсам кожнай дзяўчынкі, якая збегла, — кажа Маха. — Кожны год тых, хто збег ці хаця б спрабаваў, станавілася больш”.

Вафа кажа, што марыла пра ўцёкі з дзяцінства. “Я хацела кінуць вопратку ў сумку і збегчы з дому. Я расла з гэтай думкай”.

Сёстрам не дазвалялі выходзіць з дома без суправаджэння, размаўляць ці паказвацца гасцям, што прыходзяць у дом, і, зразумела, выбіраць, за каго ім выйсці замуж. За непадпарадкаванне іх білі, часам выкарыстоўваючы провад ці вешалку для адзення. Сёстры таемна дакументавалі збіццё і здзек, рабілі фатаграфіі і запісвалі аўдыё. Зараз яны рассылаюць гэтыя доказы ў амбасады і арганізацыі пры ААН, спрабуючы дамагчыся міжнароднай абароны.

Сёстры аль-Субайе не гатовыя распавесці, як менавіта яны змаглі перамагчы абмежаванні на падарожжа для жанчын, таму што гэтая інфармацыя можа перашкодзіць іншым уцякачкам.

15 красавіка сёстры афіцыйна папрасілі прытулку ў Грузіі, калі даведаліся, што іх сваякі запатрабавалі ад грузінскага ўрада выдаць іх сям'і.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі