System Of A Down запішуць альбом без Танкяна?
Басіст гурта запытаўся ў фэнаў, ці варта камандзе пайсці на кардынальны крок, калі фронтмэн заняты сольнай кар'ерай.
Бас-гітарыст System Of A Down Шаво Ададжан у сваім Facebook запытаў фэнаў, ці варта музыкам запісаць новы альбом без фронтмэна Сержа Танкяна. Ададжан наракаў на занятасць Танкяна сольнай кар’ерай. Маўляў, ад моманту выхаду апошняга альбома System Of A Down мінула 7 гадоў, і за гэты час Серж запісаў 4 сольнікі, а астатнія музыкі чакалі яго “вяртання”. Шаво ўпэўнены, што гурт мусіць запісаць яшчэ як мінімум адну пласцінку, і гатовы працаваць з любым вакалістам SOAD — ні тым, каго музыкі “ўпрошваюць”, а тым, хто сапраўды гэтага хоча.
У хуткім часе пост Ададжана быў выдалены, а на афіцыйнай старонцы гурта з’явілася паведамленне пра тое, што Шаво напісаў свае думкі ў асабістым мікраброгу, і што гэта зусім не меркаванне ўсяго калектыву. Музыкі запэўнілі фэнаў, што адыграюць усе запланаваныя на лета канцэрты, і што запішуць альбом арыгінальным складам. Бо толькі ўдзел усіх музыкаў робіць SOAD тым гуртом, які жадаюць бачыць яго фэны. Дарэчы, сёлета System Of A Down стануць хэдлайнерамі фестывалю Kubana, які пройдзе 1-7 жніўня ў ваколіцах Анапы.
Фота: www.htbackdrops.com