Так можна: у школе пад Гроднам беларускамоўны клас адкрылі для дзвюх дзяўчатак
У Верцялішкаўскай школе (Гродзенская вобласць) беларускамоўны клас адкрылі ўсяго для дзвюх дзяўчатак. Маці двайнятак Арыны і Багданы Ала Адамовіч цвёрда вырашала, што сярэднюю адукацыю яе дочкі атрымаюць па-беларуску. І сёлета пачала рэалізоўваць гэты план.
“Што я зразумела. Адкрываць класы трэба там, дзе вы ёсць. Не чакаць, пакуль нехта адкрые. Размаўляць з аддзелам адукацыі, бо школа мала што вырашае. Не ісці ў канфрантацыйным рэжыме, а спакойна, але настойліва і непахісна ісці да мэты”, — расказвае Еўрарадыё Ала Адамовіч.
Рускамоўная рэчаіснасць
Беларускамоўная маці пачала з таго, што знайшла для дачок школу, якая па статуце з’яўляецца беларускамоўнай, і падала туды заявы. Але раптам выявілася, што статут — гэта адно, а рэчаіснасць — іншае. Напярэдадні навучальнага года Ала даведалася, што ў Верцялішкаўскай школе апошнія гады навучаюцца па-руску.
“У прынцыпе, і ў школе, і ў аддзеле адукацыі мне ішлі насустрач. Але пыталіся, чаму прыйшлі за некалькі дзён да 1 верасня, — расказвае Еўрарадыё Ала Адамовіч. — У мяне быў адзіны аргумент — я падаю дакументы ў беларускамоўную школу, дзе мусяць вучыцца па-беларуску”.
У аддзеле адукацыі Гродзенскага раёна Але сказалі, што статут школы не змяняўся, але ў краіне дзве дзяржаўныя мовы. Гэтая акалічнасць дазваляе выкладаць па-руску ў кожнай школе, што б ні было напісана ў яе статуце.
“Я была здзіўленая, што беларускамоўная школа навучае па-руску. Але аказалася, што апошнія 11 гадоў Верцялішкаўская сярэдняя школа, па статуце беларуская, ужо не вучыць дзяцей па-беларуску. Апошні беларускі клас якраз толькі выпусціўся, — працягвае Ала. — У аддзеле адукацыі ўвогуле казалі, што толькі за адкрыццё беларускамоўных класаў, але бацькі самі не хочуць, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску”.
Незгаворлівыя бацькі
Чыноўнікі дадалі, што для стварэння беларускамоўнага класа неабходна 12–15 вучняў, якія хацелі б вучыцца па-беларуску. Гэтая размова адбывалася 28 жніўня — за некалькі дзён да школьнай лінейкі.
Ала Адамовіч паспрабавала пераканаць бацькоў аддаць дзяцей у беларускамоўны клас, але нічога не атрымалася. Тым не менш жанчына дамаглася свайго. Цяпер у Верцялішкаўскай школе тры першыя класы. Два рускамоўныя і адзін беларускамоўны, у якім навучаюцца ўсяго дзве дзяўчынкі.
Першы чалавек за 11 гадоў
У Верцялішкаўскай школе Еўрарадыё расказалі, што Ала Адамовіч — першы чалавек за 11 гадоў, які прыйшоў, каб навучаць дзяцей на роднай мове.
“Па жаданні маці быў створаны беларускамоўны клас, — адказала намесніца дырэктара па вучэбнай рабоце Іна Крывіцкая. — Па статуце ў нас беларускамоўная школа, але астатнія класы па жаданні бацькоў — рускамоўныя. Пры залічэнні ў першы клас у бацькоў пытаюцца, на якой мове хацелі б, каб навучаліся іх дзеці? Напрацягу 11 гадоў большасць класаў рускамоўных, а сёлета маці захацела, каб яе дзеці вучыліся па-беларуску”.
У школе дадаюць, што гэта звычайны клас, які не адрозніваецца ад іншых праграмай навучання. Усе прадметы, акрамя фізкультуры і музыкі, выкладаюцца па-беларуску.
“Мы праводзілі бацькоўскі сход, спрабавалі яшчэ заахвоціць, каб па-беларуску навучаліся. Але іншыя бацькі вырашылі, што руская мова будзе бліжэй. Вось двое дзяцей у класе і атрымался”, — дадае Іна Крывіцкая.
Цяпер беларускамоўная маці вырашае наступныя пытанні. Раптам выявілася, што ў беларускамоўнай школе не хапае падручнікаў на роднай мове.
“Гэта і не дзіўна, бо 11 гадоў школа не набірала беларускія класы. Але шукаем, замаўляем, таму спадзяюся, што ўсё вырашыцца. Трымаю сувязь з настаўніцай, з кіраўніцтвам школы, — дадае жанчына. — Шчыра кажучы, жахліва, калі беларускай школа аказалася толькі на паперы. А па факце моўчкі яна ператварылася ў рускую”.
***
За апошнія 5 гадоў колькасць першакласнікаў, якія навучаюцца па-беларуску, упала ніжэй за 10%. Што да агульнай колькасці беларускамоўных вучняў у сярэдняй школе, дык у 2013/2014 навучальным годзе іх было 142 тысячы (15,4% ад агульнай колькасці), а праз пяць гадоў, у 2018/2019 годзе, ужо ўсяго 111 тысяч (11,1%).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.