Тарасу Аватараву крыху "падправілі" абвінавачванне

Тарасу Аватараву крыху "падправілі" абвінавачванне

25 красавіка ў Фрунзенскім судзе Мінска аднавіўся суд над 28-гадовым жыхаром Наваполацка Тарасам Аватаравым. “Добраахвотніку” з “Правага сектара”, якога 26 лістапада 2015-га затрымалі на чыгуначным вакзале сталіцы, перапрад’явілі абвінавачванні. Хоць гэта па сутнасці мала што мяняе.

Аватараву пакінулі “Незаконныя дзеянні ў адносінах да боепрыпасаў” (частка 2 артыкула 295 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і “Кантрабанду” (частка 2 артыкула 228 КК). Дзяржабвінаваўца патлумачыў, у чым заключаюцца змены:

"Артыкул проста новы быў уведзены і на момант дзеяння, калі ён здзейсніў злачынства, артыкул 333 заўв. не быў яшчэ ўведзены ў Крымінальны кодэкс. Было прынятае рашэнне перапрад'явіць яму абвінавачанне ў тым артыкуле, які дзейнічаў на момант здзяйснення. Санкцыі аднолькавыя: ад 3 да 7 з канфіскацыяй ці без яе".

Справа ў тым, што раней трэба было выбуховыя рэчывы і боепрыпасы дэклараваць, а на сённяшні дзень такія рэчы дэклараваць ужо не трэба. Нагадаем, што за “кантрабанду” Аватараву пагражае зняволенне на тэрмін ад 3 да 7 гадоў. За незаконныя дзеянні са зброяй яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Мужчына быў затрыманы на чыгуначным вакзале Мінска летась у лістападзе. Пры ім былі граната (для гранатамёта, але пераробленая ў ручную), не баявы пісталет, бронекамізэлька і аксэсуары, звязаныя з украінскай сімволікай. Галоўная праблема — гэта якраз граната. Эксперты пастанавілі, што яна прыдатная да здзяйснення выбуху. Плошча паражэння блізкая да 150 метраў.  

“У чарговы раз дапушчана грубая памылка наконт плошчы паражэння ў 150 метраў”, — выказвае Аватараў нязгоду з дзяржабвінаваўцам. Падчас суда стала вядома, што з апісаным “арсеналам” Тарас перамяшчаўся цягнікамі па Беларусі і нават катаўся ў сталічным метрапалітэне. Ні ў каго ён падазрэнняў не выклікаў.

Тарас Аватараў, які некалькі год таму змяніў прозвішча, сапраўды быў ва Украіне, знаходзіўся ў шэрагах “Правага сектара”. Самі беларусы-добраахвотнікі з Украіны прытрымліваюцца думкі, што ён мог працаваць на беларускае КДБ, а потым сам "пайшоў у расход" для стварэння "страшылкі" пра беларускіх байцоў, якія дапамагаюць Узброеным сілам Украіны.

Суд над Аватаравым працягнецца 3 траўня.

Справа байца АТА, затрыманага на мінскім вакзале: Пісталет аказаўся не баявы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі