Тасман: Выступае Карстэн, у якой 5 алімпійскіх медалёў. А нам не цікава!
Пра “ўзаемапавагу” спартоўцаў і гледачоў, старэнне алімпійцаў, адсутнасць прафесіяналаў у кіраванні спортам і бюджэтную кармушку ― журналіст Барыс Тасман.
Еўрарадыё: Вынік беларускай каманды на Алімпіядзе ў Лондане ― гэта ўсяго 12 медалёў ці цэлых 12 медалёў?
Барыс Тасман: Мы дасягнулі прыстойнага выніку. Займаем 26-е месца. За намі Турцыя, Канада, Мексіка, Аргенціна, Індыя… Гэта краіны з вялікай тэрыторыяй, з большай колькасцю насельніцтва, з моцным матэрыяльным рэсурсам. І тое, што мы іх апярэдзілі, гэта, відавочна, дасягненне. Яно кажа пра нашу самадастатковасць.
Але на гэтай Алімпіядзе мы зрабілі вялікі крок назад у параўнанні з тым, чаго мы дасягнулі раней! У нас за час самастойных выступаў беларускай каманды ніколі не было менш за 15 медалёў. А чатыры гады таму было нават 19! Зараз жа толькі 12... То бок, сёння ― у паўтара раза менш! Калі глядзець на агульную статыстыку, гэты крок назад не так заўважны. Але мы мусім запытацца ў сябе: як мы трацім сродкі? Чаму эфектыўнасць выкарыстання дзяржаўных грошай стала істотна ніжэйшай?
Еўрарадыё: Праблема менавіта ў тым, як выкарыстоўваюцца сродкі?
Барыс Тасман: Так. Прывяду адзін прыклад. У нас на Алімпійскіх гульнях выступалі тры майстры настольнага тэніса. Іх суправаджалі… Два трэнеры! У чым неабходнасць паездкі адразу двух трэнераў усяго на траіх спартоўцаў? І выніку ж не было, ды яго і не магло быць, шмат па якіх прычынах! Сітуацыя была відавочная. Але як адмовіць сабе ў задавальненні ад паездкі ў Лондан?
Еўрарадыё: Але Уладзіміру Самсонаву з лёсаваннем крута не пашанцавала. У другім крузе натрапіць на першую ракетку свету…
Барыс Тасман: Уладзімір Самсонаў ― выдатны тэнісіст. Праблема ў тым, што яму ўжо 36 гадоў. Гэта адзін момант. А другі ― яму з лёсаваннем не шанцуе пятую Алімпіяду запар. Ва ўпартай барацьбе, але ён кожны раз прайграе. Я схільны бачыць у гэтым, хутчэй, тэндэнцыю, чым выпадковасць.
Еўрарадыё: Тэма старэння лідараў беларускай Алімпійскай каманды вельмі актуальная. Ці ёсць віды спорту, якія мы да наступных гульняў згубім? Якім спартоўцам пакуль што няма замены?
Барыс Тасман: Не хочацца казаць, што наша зборная ― старая. Але давядзецца так сказаць. Кацярыне Карстэн 40 гадоў. Алімпійскаму чэмпіёну Сяргею Мартынаву 44 гады. У мужчынскай спартовай гімнастыцы Беларусь прадстаўляў адзін чалавек: Дзмітрый Каспяровіч. Яму 34 гады. Штурханне ядра ― Андрэй Міхневіч ― 36 гадоў. Кіданне молата ― Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі ― тое самае, 35-36 гадоў. Яшчэ адзін Алімпійскі чэмпіён ― Макс Мірны, яму 35 гадоў. Ён буйны тэнісіст, але і яго сілы не бязмежныя. Час ідзе, і змагацца з часам людзі не ў стане, спартовую маладосць можна хіба што крыху працягнуць.
У асноўным, нашы лонданскія медалісты ― гэта атлеты старой хвалі. Нават Аляксандра Герасіменя належыць да яе. Яшчэ 10 гадоў таму яна выйгравала юніёрскі чэмпіянат Еўропы. Дай Божа, каб гэтая цудоўная дзяўчына і далей паспяхова выступала, але для плавання гэта ўжо ўзрост! Возьмем такі прагрэсіўны ў нас від спорту, як веславанне. Петрушэнка і Махнеў адпрацавалі ўжо трэцюю Алімпіяду. Гэта гонар Беларусі, сёлета яны “прывезлі” нам ужо чацвёрты алімпійскі медаль. Але аднаму 32 гады, а другому 33! Нельга гэтага не заўважаць! З “новых” у нас хіба што Вікторыя Азаранка. Так што справы з падрыхтоўкай рэзерву вельмі дрэнныя. А “правераныя” спартоўцы, за плячыма якіх ужо некалькі Алімпіяд, не вечныя. І вось, ужо ў Лондане шмат хто “не стрэліў”.
Еўрарадыё: Наколькі кансерватыўная сістэма алімпійскай падрыхтоўкі?
Барыс Тасман: Я не прэтэндую на тое, каб быць ісцінай у апошняй інстанцыі. Але я дастаткова працую ў спартовай прэсе, каб сказаць, што сістэма алімпійскай падрыхтоўкі ў нас заскарузлая, і змяніць што-небудзь у ёй вельмі і вельмі складана. Гэтая галіна патрабуе карэннай рэканструкцыі. Людзі, якія трымаюць рычагі кіравання ёю і якія кіруюць грашовымі плынямі, час ад часу робяць гэта непрафесійна, а часам, дык і ўвогуле некампетэнтна. Вось яшчэ адзін просты прыклад: жаночая эстафета 4х100 метраў. На дарожку выйшлі чатыры спартсменкі, а павезлі мы ў Лондан аж сем чалавек! І гэта, ведаючы, што каманда ні на што не прэтэндуе! У выніку нашы дзяўчаты фінішавалі 14-мі: адну каманду дыскваліфікавалі, а яшчэ адна прабегла крыху горш. Вось яна, неэфектыўнасць!
Мне могуць запярэчыць: наша каманда выканала алімпійскі нарматыў, таму выдаткі на вандроўку ў Лондан неслі арганізатары. Але мы выдаткоўваем грошы на падрыхтоўку гэтых спартсменак. Пакуль яны гадамі сядзяць на трэніровачных зборах, на вецер вылятаюць мільярды!
Еўрарадыё: Што зрабіла б беларускую алімпійскую каманду больш баяздольнай?
Барыс Тасман: Я б накіраваў у Лондан удвая менш афіцыйных асобаў, і ўдвая больш медыкаў. На кожную каманду! Вось ёсць тры тэнісісты-настольнікі. Трэба, каб з імі былі персанальны медык і масажыст. Мы бачылі, як цяжка гульня давалася Вікторыі Паўловіч, колькі сіл яна аддавала. А наступны матч праз некалькі гадзін! Значыць, трэба яе адпаведна ўзнаўляць і рыхтаваць! Мы на медыках ашчаджаем, затое на Алімпіяду едуць функцыянеры… А мы бачылі па тэлевізары, чым яны там займаюцца. Я быў у шоку, калі пасля перамогі Макса Мірнага і Вікторыі Азаранкі адзін высокі спартовы функцыянер змяў нацыянальны сцяг у руках, як анучу, і кінуў яго тэнісісту.
Еўрарадыё: Я таксама памятаю гэты момант.
Барыс Тасман: Са святыняй так не робяць, калі гэта для яго сапраўды святыня! Вось чым яны там займаліся: дэманстравалі свой ура-патрыятызм. І раздавалі інтэрв’ю, у якіх казалі, што спартоўцы недастаткова выкладаюцца, і што трэба быць на галаву мацнейшымі за канкурэнтаў. Гэта што значыць, плыць хутчэй за Фэлпса і бегчы хутчэй за Болта? А ў той жа час, адзін з баксёраў кажа пра тое, што нашы функцыянеры пасля яго бою не падалі пратэст. Японцы і немцы пратэставалі, і іх пратэсты былі задаволеныя, яны дамагаліся свайго. А мы ― не.
Еўрарадыё: Асабліва пад канец Алімпіяды стала ўсё гучней чуваць тых, хто казаў, што беларускія алімпійцы з адміністрацыйнага боку зусім не абароненыя.
Барыс Тасман: Нашы афіцыйныя асобы ківаюць на карупцыю ў міжнародных спартовых колах і негатыўнае стаўленне да нашых атлетаў. Гэта мае пад сабой падстаў. Трое нашы баксёраў прайгралі свае баі, і ніводны з трох выпадкаў не пакінуў у мяне ўражання, што нашы былі горшыя. Я магу памыляцца. Але, так ці інакш, спартоўцы мусяць быць абароненыя. У ацэначных відах (а такіх шмат: і бокс, і барацьба, і гімнастыка) трэба свае інтарэсы адстойваць. Да штангісткі Настассі Новікавай арбітры паставіліся вельмі прынцыпова. Яны не ва ўсіх выпадках былі такія прынцыповыя! А Леанід Тараненка пра гэта выдатна сказаў: “Мы ж самыя разумныя, мы не хочам ні з кім размаўляць…”
Нам патрэбныя кантакты. А нашых прадстаўнікоў у міжнародных спартовых федэрацыях можна пералічыць па пальцах. Ні прэзідэнтаў, ні віцэ-прэзідэнтаў, ні ўдзельнікаў выканкамаў у нас няма. Ёсць хіба што Аляксандр Курловіч, які працуе арбітрам у Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі, і Сяргей Шаблыка, адзін з трох алімпійскіх старцёраў у веславанні на байдарках і каноэ. І ўсё! Гонар Беларусі абараніць няма каму.
Еўрарадыё: Прычым, абараняць яго і працаваць з рэпутацыяй нашай краіны трэба найперш паміж спаборніцтваў, так?
Барыс Тасман: Натуральна! Трэба ствараць асяродак павагі да нашай краіны, да нашых спартоўцаў. І гэта робіцца не ў момант спаборніцтваў, а задоўга да таго. А мы атрымалі асяродак непавагі. І ў выніку недаатрымалі некалькі медалёў. Нашы функцыянеры звычайна не валодаюць англійскай мовай, што адразу ставіць крыж на шляху іх прасоўвання ў міжнародныя структуры. А па-другое, у нас іх часта перакідаюць з аднаго віду спорту на іншы. Пакуль Аляксандр Грыгараў узначальваў федэрацыю бокса, яго прасоўвалі ў еўрапейскія баксёрскія арганізацыі. Але яго перакінулі на веславанне, і ён страціў свае пазіцыі. Тое самае было з футболам: толькі Фёдараў пачаў заваёўваць пазіцыі ў дзіцячых і юнацкіх камісіях УЕФА, яго замяніў Нявыглас, а пасля ― Румас… А там, каб дасягнуць вышыняў, трэба працаваць дзесяцігоддзямі.
Еўрарадыё: Во, атрымліваецца, на якім узроўні мы гублялі алімпійскія медалі…
Барыс Тасман: А яшчэ давайце падумаем, чаму так лёгка памяняць кіраўніка спартовай федэрацыі? Ды таму, што гэта не прафесіяналы, а чыноўнікі!
Еўрарадыё: То бок, у спартовай федэрацыі яны бачаць найперш адміністрацыйны апарат?
Барыс Тасман: Так і ёсць! Я думаю, што Федэрацыю лёгкай атлетыкі мусіць узначальваць лёгкаатлет, і гэтак далей. А ў нас што? Узначальваюць буйныя дзяржаўныя чыноўнікі. Лёгкай атлетыкай кіруе Уладзімір Мікалаевіч Патупчык. Натуральна, ён не ў стане займацца неабходнай штодзённай працай, бо з’яўляецца намеснікам спікера верхняй палаты беларускага парламента. І калі мне хто-небудзь скажа, што гэта лёгкая праца, я не паверу. Там працы хапае. Як у той жа час можна паспець кіраваць такой складанай галіной, як лёгкая атлетыка? І вось вынік: галоўны трэнер і доктар каманды арыштаваныя. А на Алімпіядзе ― нуль медалёў.
Прыклад Уладзіміра Канаплёва ў гандболе ― гэта шчаслівае выключэнне. Але мы бачым, што ў іншых відах спорту функцыянеры не спрацоўваюць.
Еўрарадыё: А Канаплёў цяпер на дзяржаўнай працы і не заняты.
Барыс Тасман: Таму ў яго ёсць і час, і жаданне займацца федэрацыяй.
Еўрарадыё: Віды спорту, у якіх мы ўсё ж праявілі сябе і ўзялі медалі, збольшага, не відовішчныя. Напрыклад, веславанне. Хто ў нас ходзіць на вяслярныя каналы, каб паглядзець на гэтыя спаборніцтвы? У нас у Беларусі жыла самая хуткая жанчына планеты. Хто хадзіў глядзець, як яна бегае? Ды ніхто, акрамя журналістаў! Чаму так?
Барыс Тасман: Адназначнага адказу тут не будзе. Найперш, я перакананы, што ў нас вялікі спорт існуе на для гледачоў, а для медалёў. Бо вы заўважылі слушна: хто ў нас бачыў Кацярыну Карстэн? А яна, між іншага, вельмі акуратна прыязджае на кожны чэмпіянат Беларусі, і ганяецца тут, пры пустых трыбунах! У нас няма традыцыі цікавасці да нацыянальных спаборніцтваў. Таму іх прапускаюць і самі “зоркі”! Андрэй Міхневіч, напрыклад, тры апошнія чэмпіянаты краіны прапусціў. У іх стандартнае тлумачэнне: “Мы па індывідуальнай праграме рыхтуемся да міжнародных стартаў”. Гэта важна. Але яшчэ больш важна даць справаздачу сваім падаткаплацельшчыкам!
Еўрарадыё: Справа не ў тым, што няма на што паглядзець, а ў традыцыі?
Барыс Тасман: Давайце згадаем гонкі на Тэмзе паміж веслярамі з універсітэтаў Оксфарда і Кембрыджа. На іх збіраюцца тысячы гледачоў, а тэлеканалы канкуруюць за права трансляцыі. Гэта нацыянальнае свята! Ёсць шалёны адбор у каманды весляроў, яны вельмі матываваныя. Як яны трэніруюцца! Колькі спаборніцтваў, якія падводзяць да галоўнага! Вось яна, масавасць, не трэба нічога штучна ствараць!
Еўрарадыё: І ў выніку брытанскія весляры збіраюць на гульнях 9 медалёў. А ўздоўж канала кожны заезд суправаджаюць дзясяткі заўзятараў на роварах.
Барыс Тасман: Вось, ім гэта цікава. А ў нас ганяецца Кацярына Карстэн, якая мае пяць алімпійскіх медалёў, і нам гэта не цікава. У нас была Юлія Несцярэнка, і ў нас пусты стадыён. Няма традыцыі, замест яе мы водзім школьнікаў на футбольныя і хакейныя матчы. Мы сваіх “зорак” не паважаем. І “зоркі”, у сваю чаргу, не разумеюць, чаму яны мусяць выйсці на нацыянальная старты. Яны лічаць, што могуць іх прапусціць. А на маю думку, веславанне ― гэта вельмі відовішчны спорт. І ў нас усё ёсць, каб арганізаваць яго наведвальнасць. Два нацыянальныя тэлеканалы, у рэшце рэшт. Але трэба ўмець паказваць і ўмець рэкламаваць.
Еўрарадыё: То бок, праблема на спартовай сферы не замыкаецца?
Барыс Тасман: Гэта праблема спартовага шоў-бізнесу. Нашы спартоўцы трапляюць туды, толькі выступаючы за мяжой. Напрыклад, Надзея Астапчук была, бадай што, адзінай нашай удзельніцай “Дыяментавай лігі” лёгкаатлетаў. То бок, гэтае спартовае шоў-свята праходзіць без нас. А мы, акрамя сусветна вядомых тэнісістаў, застаёмся за бортам спартовага шоў-біза.
Калі ўсе праблемы падсумаваць, галоўнай будзе праблема кіравання спортам. На маю думку, спорт у нас празмерна адзяржаўлены. Спартоўцы і трэнеры таўкуцца ў чарзе ля бюджэтнай кармушкі. Я магу назваць трэнераў, якія не змяняюцца дзесяцігоддзямі! Так, некалі ў іх былі вынікі. Але нельга жыць учорашнім. У сусветным спорце трэба даказваць права на лідарства кожны дзень. Бо сонца ўстае кожны дзень, і нельга жыць на захадзе.
ДАВЕДКА Еўрарадыё. Барыс Тасман нарадзіўся ў 1954 годзе ў Мінску. Шмат гадоў працаваў настаўнікам геаграфіі ў сталічных школах. З 1994 года супрацоўнічае з газетай “Прессбол”.Валодае энцыклапедычнымі спартовымі ведамі.