Тайбаксёры аформілі лагатып чэмпіянату Беларусі на роднай мове (фота)
Тым часам на спаборніцтвы ў Мінск з’язджаюцца ўсе нашы сусветнавядомыя байцы — Валент, Гуркоў, Кулебін і Варац.
З 26 па 29 сакавіка ў сталічным спарткомплексе “Працоўныя рэзервы” (вуліца Каліноўскага, 111) пройдзе чэмпіянат краіны па муай-тай. Беларуская федэрацыя тайскага боксу і кікбоксінгу арганізавала для гледачоў бясплатны ўваход. Уся інфармацыя пра спаборніцтвы змешчана на афіцыйным сайце чэмпіянату.
Цікава тое, што Федэрацыя ўпершыню ў гісторыі абрала для правядзення чэмпіянату беларускамоўны лагатып.
“На ім выяўлены малюнак байца, які наносіць удар каленам. На поясе ў тайбаксёра — чырвоны пояс, які сімвалізуе нязломнасць беларускага байцоўскага духу”, — тлумачыць канцэпцыю лагатыпа піяршчык і колішні прафесійны баец Максім Гаўрыленка, які дапамагае арганізатарам чэмпіянату.
Гаўрыленка патлумачыў, што спаборніцтвы выклікалі інтарэс з-за мяжы. У прыватнасці адзін з расійскіх спартовых тэлеканалаў збіраецца паказаць найлепшыя баі беларускага чэмпіянату ў запісе. Таму каля рынга будзе працаваць аператарская брыгада.
Пакуль арганізатары рыхтуюцца да старту, у Мінск з усяго свету з’язджаюцца нашы знакамітыя байцы. Справа ў тым, што па выніках чэмпіянату краіны будзе сфармаваны склад нацыянальнай зборнай пад наступнае першынство свету.
Чакаецца, што на рынг выйдзе шматразовы чэмпіён свету і ўдзельнік гурта Brutto Віталь Гуркоў.
У аўторак з Тайланда, дзе праходзіла студэнцкая Універсіяда, вярнуўся Дзмітрый Валент. Нягледзячы на пералёты і нядаўняе выступленне, баец можа пазмагацца і на чэмпіянаце краіны.
Верагодна, пабаксіруе і гродзенскі накаўцёр Дзмітрый Варац, які ў дадзены момант рыхтуецца да паядынку з тайскім прафесіяналам Каапамлекам (падзея адбудзецца ў Мілане 11 красавіка).
Можа выйсці ў рынг і культавы беларускі баец Андрэй Кулебін.
Муай-тай з’яўляецца адным з самых масавых і ўніверсальных байцоўскіх адзінаборстваў свету. Што праўда, з-за міжусобіц паміж рознымі федэрацыямі від спорту не могуць уключыць у алімпійскую праграму.
Цікава, што адразу некалькі топавых беларускіх тайбаксёраў далучыліся да раскруткі беларускай мовы і культуры.