Упершыню ў Чыжоўку не на хакей, а на Three Days Graсe (фота)

У сталіцы прэцэдэнт: упершыню замест хакею на новай пляцоўцы "Чыжоўка-Арэна" вялікі канцэрт з замежнымі зоркамі. Славутыя канадскія гранжары Three Days Grace даехалі да Мінска са спазненнем на цэлага вакаліста (ужо 2 гады як у гурце спявае Мэт Уолст замест сэрца праекта Адам Гацье), але мясцовых фанатаў ні на секунду гэты момант не абразіў.


Як не абразіў і нейкі незразумелы гурт на разагрэве ды старая "фішка" прамоўтараў: аддаваць палову танцпола для "віп-фанатаў" (у выніку "фанка" напаўпустая, а ўся энергія дзесьці за кіламетр, за другім плотам). У зале віск, фанатскія флэш-мобы і татальны дух шчасця — ажно здзіўляешся, адкуль у маладзёнаў столькі энергіі! Яны ж зранку не елі-не спалі, стаялі ў 4-гадзінных чэргах па аўтографы, якія можна было атрымаць на сесіі у музычнай краме на вул. Кульман.


У публікі і ў Three Days Grace відавочнае супадзенне энергій. Новы вакаліст Мэт настаўляе дзяўчынак і хлопчыкаў перад песнямі: "Калі вас нехта хоча "апусціць", не паддавайцеся, заўсёды рушце наперад. Мы так рабілі, і дзякуючы гэтаму вы цяпер нас тут бачыце!"


Ці "ўсё, што вам патрэбна зараз — гэта песня "Я ненавіджу ўсё, што звязана з табой". Пераважна гурт грае песні былой эпохі Thee Days Grase, але прадстаўляе і новы хіт "Painkiller".


Пасля выступу музыкі напішуць у сваім інстаграме, што ім спадабалася энергетыка беларускай публікі, і што яны ўжо хочуць вярнуцца да нас як мага хутчэй.


Паглядзім, ці застанецца ў іх такі ж запал пасля тура па гарадах і сёлах Расіі. Мінск усё ж быў іх першым горадам з СНД-шнай праграмы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі