Times: Міграцыя падзяліла аб’яднаную Еўропу на тры блокі

Times: Міграцыя падзяліла аб’яднаную Еўропу на тры блокі

На гэтым тыдні стартуе чарговы саміт ЕС у Браціславе (Славакія). Брытанскае выданне Times публікуе матэрыял, у якім акрэсліваюцца праблемы, што стаяць перад удзельнікамі саміта ў такі складаны для Еўрасаюза перыяд.

У артыкуле звяртаецца ўвага на тое, што асноўныя трывогі Еўропы звязаныя з магчымым аднаўленнем мігранцкай плыні і правамі нацыянальных урадаў, якія жадаюць супрацьстаяць кантролю з боку Еўракамісіі па пытаннях нацыянальнай ідэнтычнасці.

Рашэнне гэтых праблем Еўропы, як і заўжды, кладзецца на плечы Ангелы Меркель. Гэтым разам у самы хісткі момант яе кар’еры.

Times піша, што масавая міграцыя падзяліла аб’яднаную Еўропу на тры блокі. Цытуем:

“Першы — паўночныя краіны (Скандынавія, краіны Балтыі і Нідэрланды). Яны па-ранейшаму падпарадкоўваюцца правілам, устаноўленым Германіяй. Другі — паўднёвыя міжземнаморскія краіны. Яны хочуць памяняць гэтыя правілы і патрабуюць большай салідарнасці ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй. Трэці блок — краіны Цэнтральнай Еўропы, якія ставяць пад сумнеў некаторыя з асноватворных прынцыпаў ЕС”.
 

Times: Міграцыя падзяліла аб’яднаную Еўропу на тры блокі
Анджэй Дуда. Прэзідэнт Польшчы. Фота: REUTERS Kacper Pempel

Гэтыя цэнтры сілы могуць перацякаць адзін ў другі, тлумачыць выданне. Французскі ўрад, які становіцца ўсё больш слабым, падаецца удзельнікам блока міжземнаморскіх краін. Галандцы і датчане ў спрэчках з Бруселем могуць апынуцца саюзнікамі “клуба Цэнтральнай Еўропы”. А Польшча і Венгрыя, што выглядаюць як новы лідарскі тандэм на ўсходзе Еўропы, маюць рознагалоссі наконт таго, як паводзіць сябе з Пуціным.

Шлях, які абірае Меркель для вырашэння праблем ЕС і постбрэкзітаўскіх пытанняў, — выяўленне  і падтрымка фаварытаў сярод лідараў паўднёвых краін. Цяпер такім лідарам, якога яна гатовая падтрымаць, з’яўляецца прэм’ер-міністр Італіі.

Times: Міграцыя падзяліла аб’яднаную Еўропу на тры блокі
Прэм'ер Італіі Матэа Рэнцы. Фота: Barcroft Media

Але адначасова з гэтым узмацняецца ўплыў цэнтральна-еўрапейскіх краін. Венгерскі прэм’ер Віктар Орбан звязвае выхад Вялікабрытаніі з ЕС з выдатнай магчымасцю для таго, каб пачаць адстойваць вяртанне часткі паўнамоцтваў нацыянальным уладам, а не працягваць прытрымлівацца правілаў, навязаных Бруселем. І ён не адзіны ў Цэнтральнай Еўропе, хто прадказвае, што міграцыйная здзелка паміж ЕС і Турцыяй праваліцца. І рашэнне праблемы тут — не размеркавальныя квоты, а ўзмацненне знешніх межаў.

Газета нагадвае, што 2 кастрычніка ў Венгрыі адбудзецца рэферэндум, на якім імаверна прагаласуюць супраць нацыянальных квотаў па прыёме мігрантаў. Калі такое адбудзецца, гэта можа стаць штуршком для далейшых патрабаванняў меншай цэнтралізацыі Бруселя.

Выданне таксама каментуе словы Віктара Орбана. Цытуем:

“Па словах Орбана, цяпер “еўрапейская мара” перамясцілася з захаду на ўсход і стала іншай. Меркель ён можа не падабацца, але гэта не мае значэння: ён кажа праўду. Ён меў рацыю, абвясціўшы “смерць мультыкультуралізму” як палітычнай ідэалогіі. Меў рацыю і тады, калі казаў, што мігранты едуць на Захад, таму што Еўропа ўспрымаецца як багатая, але слабая”.

Times: Міграцыя падзяліла аб’яднаную Еўропу на тры блокі
Прэм'ер Венгрыі Віктар Орбан. Фота: АР

У артыкуле звяртаецца ўвага на тое, што гэта ўжо праблемы Еўропы, а не Вялікабрытаніі. Цытуецца  меркаванне палітычнага аналітыка Марка Леанарда пра тое, што свет зараз жыве “у прамежкавым стане, небяспечным перыядзе паміж заканчэннем старога парадку і стварэннем новага”. Галоўныя пасляваенныя інстытуты, такія як ЕС, ААН і нават NATO, змарнелыя, а сама ідэя глабалізацыі, нягледзячы на ​​свае шматлікія заслугі, не прымаецца на вуліцах і ў парламентах.

І хоць выхад Брытаніі з ЕС і азначае, што рэфармаванне Еўрасаюза адбудзецца ўжо без яе ўдзелу, але і ўнутры Злучанага Каралеўства мусяць пачацца уласныя дыскусіі пра дзяржаўнасць і грамадства. “Таксама неабходна пільнаваць тое, што адбываецца па іншы бок канала, бо крызіс ідэнтычнасці цяпер ва ўсіх”, — прыводзіць цытату Times Бі-бі-сі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі