Ткачоў пра Уладзіслава К.: Працаваў з неадэкватна вялікай вагой на мяжы траўмы
Вядомы мінскі фітнэс-інструктар Андрэй Ткачоў пазнаў на фота хлопца, які напаў на гандлёвы цэнтр "Еўропа" ў Мінску, наведніка яго качалкі. Ткачоў напісаў у Facebook, што ён хадзіў туды "мінімум гады два". Ткачоў называе Уладзіслава К. "ціхім маўклівым хлопцам".
"Па паводзінах відаць, вельмі закамплексаваны, напэўна гэта з-за знешнасці і прышчоў, якія перыядычна пакрывалі не толькі ўвесь яго твар, але і цела, — піша Андрэй Ткачоў. — Адпусціў сабе валасы, якія ўвесь час папраўляў, пакуль не пачаў прыбіраць іх гумкай у хвост. Тыповы замкнуты падлетак. Такія напэўна падвяргаюцца булінгу і здзекам аднагодкаў (прывітанне школьным і універсітэцкім псіхолагам)".
Паводле слоў Ткачова, Уладзіслаў у качалцы ніколі ні з кім не размаўляў. Ён прыгадаў выпадак, калі дзяжурны трэнер зрабіў яму заўвагу, што ён "працаваў з неадэкватна вялікай вагой і мог нанесці сабе траўму". У адказ хлопец усміхнуўся і працягваў займацца. Яго прага да падобных нагрузак, да трэніровак на знос выклікала здзіўленне. "Нібыта ён сябе ненавідзеў і за штосьці спрабаваў пакараць", — піша Ткачоў.
"Загаварыў я з ім, напэўна, толькі аднойчы, калі мне патрэбен быў трэнажор, на якім ён выконваў падыход, — працягвае ён свае ўспаміны. — Я спытаў, колькі яму яшчэ засталося і ці можна выконваць практыкаванне з ім па чарзе, на што ён кіўнуў і ўсміхнуўся. Пасля гэтага ён пачаў са мной вітацца. У яго была вельмі дзіўная адхіленая ўсмешка, хутчэй ухмылка". Ткачоў даведаўся імя свайго знаёмага толькі пасля суботняга здарэння.