Топ-5: навіны 21 красавіка
Слухаць цалкам:
Фактчэкінг паслання: колькасць чыноўнікаў, мацярынская смяротнасць, уцекачы
21 красавіка Аляксандр Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланнем да парламента і народа. Прамова кіраўніка краіны працягвалася больш за дзве гадзіны.
За гэты час Лукашэнка агучыў планы на бліжэйшы год і зрабіў шэраг гучных заяваў. Напрыклад, кіраўнік Беларусі распавёў, што у заходніх лідараў “чагосьці не хапае ў ніжняй частцы цела”. Акрамя таго, Лукашэнка заявіў, што ён прымусіць працаваць кожнага беспрацоўнага.
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што 270 тысяч долараў з будынка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй скраў супрацоўнік міліцыі.
Па словах чыноўніка, цяпер ідзе следства. Расследаваннем займаецца Следчы камітэт. Што, да грошай, якія апынуліся ў міліцэйскім сейфе, то іх, па словах Шуневіча, канфіскавалі ў аднаго з падазраваных па крымінальнай справе.
Мінскія ўлады дазволілі ўдзельнікам “Чарнобыльскага шляху” сабрацца 26 красавіка ў 18.00. Пра гэта заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Раней чыноўнікі прапаноўвалі збор у 14.00. Аднак у працоўны дзень такі час для вулічнай акцыі сур’ёзна б зменшыў колькасць яе удзельнікаў.
Арганізатары не маглі з гэтым пагадзіцца і нават планавалі падаць у суд на Мінгарвыканкам. Яны, дарэчы, хацелі сабраць людзей каля тэатра оперы і балету і правесці іх па новым маршруце — да чарнобыльскай капліцы, але мінскія ўлады не дазволілі.
Палітвязня Вячаслава Касінерава выпусцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. Такое рашэнне 21 красавіка прыняў сталічны суд.
Адзначым, што анархіста трымалі пад вартай у СІЗА №1 Мінска. Прычым 6 красавіка суд Маскоўскага раёна сталіцы адмовіўся вызваліць хлопца пад падпіску аб нявыездзе.
Разгляд справы Касінерава пачнецца 27 красавіка. Хлопца вінавацяць у хуліганстве за тое, што ён накінуў пятлю на шыю помніка гарадавога каля будынка Міністэрства ўнутраных спраў.
У Брэсце невядомы абліў фарбай помнік Леніну. Здарэнне адбылося 21 красавіка а 4-й гадзіне ночы. Мужчына кінуў у манумент два слоікі з чырвонай фарбай, пасля чаго сышоў. Яго дзеянні зафіксавалі камеры відэаназірання.
На месца здарэння прыехала міліцыя. Службовы сабака спачатку ўзяў след, але згубіў яго каля ўваходу ў парк. Пра гэта распавяла супрацоўніца брэсцкай міліцыі Ганна Івашчанка.