Топ-5: навіны 6 красавіка
Еўрапарламент асудзіў разгон мірных дэманстрантаў у Беларусі
Еўрапарламент асудзіў разгон мірных дэманстрантаў у Беларусі. Гэта адбылося на пасяджэнні, якое прайшло 6 красавіка.
Еўрадэпутаты заклікалі беларускія ўлады вызваліць усіх затрыманых падчас акцый пратэсту, спыніць пераслед незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці.
Акрамя таго, Еўрапарламент адзначыў, што калі афіцыйны Мінск не правядзе аб’ектыўнае расследаванне прысудаў дэманстрантам, то Еўрасаюз можа ўвесці новыя санкцыі супраць Беларусі.
Беларускія праваабаронцы прызналі Вячаслава Касінерава палітычным зняволеным. Актывіст адбываў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў лютым 2017-га, калі стала вядома, што на яго распачалі крымінальную справу па артыкуле “хуліганства”.
Нагадаем, 12 сакавіка ў Мінску Касінераў правёў “акцыю-перфоманс” — каля будынка МУС ён накінуў пятлю на статую паліцэйскага-гарадавога. Адзначаецца, што такім чынам ён пратэставаў “супраць міліцэйскага свавольства і пераследу анархістаў”.
Праваабаронцы лічаць, што дзеянні актывіста з’яўляюцца выказваннем меркавання і не могуць трапляць пад крымінальны пераслед.
Гісторык Аляксандр Зімніцкі стаў чарговым абвінавачаным па так званай “справе баевікоў”. Яго вінавацяць у “падрыхтоўцы масавых беспарадках. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі сябры затрыманага.
Падобныя абвінавачванні раней выставілі яшчэ 16 фігурантам гэтай справы. Літаральна 5 красавіка у падобных дзеяннях абвінавацілі Віктара Данілава і Андрэя Дундукова. Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Адзначым, што з 30-ці фігурантаў справы 9 чалавек цяпер знаходзяцца на волі.
Тэракт, які адбыўся ў метро Санкт-Пецярбурга, паўплываў на перамовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным. Пра гэта кіраўнік Беларусі распавёў у інтэрв'ю тэлеканалу "Мір".
Па словах Лукашэнкі, бакі старанна рыхтаваліся да перамоваў, бо мелі шмат супярэчнасцяў па розных пытаннях, аднак пасля выбуху ў метро на першы план у перамовах выйшлі пытанні бяспекі і абароны, а не нафты і газу.
У Мінску сустрэліся памочнікі кіраўнікоў краін “нармандскай чацвёркі”. У яе ўваходзяць Германія, Украіна, Расія і Францыя. Як заявіў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, Расію ў беларускай сталіцы прадставіў Уладзіслаў Суркоў.
Змест перамоваў не разгалошваецца, але відавочна, што гаворка ішла пра мірнае вырашэнне канфлікту на Данбасе і пра выкананне мінскіх дамоўленасцяў.