Трэба чуць і слухаць: абмяркоўваем сітуацыю ў Казахстане з псіхолагам

Алматы, Казахстан / FRENCH PRESS AGENCY - AFP
Алматы, Казахстан / FRENCH PRESS AGENCY - AFP

Як падзеі Казахстана ўспрымаюць у Беларусі і чаму ад АДКБ не варта чакаць пралітай крыві — разважаем з прафесарам-псіхолагам Уладзімірам Янчуком.
 

Што стане ў Казахстане з беларускімі вайскоўцамі?

Да трагедый не дойдзе, лічыць Янчук, а АДКБ будзе выконваць, хутчэй, дэкларатыўную функцыю, а не прымаць удзел ва ўзброеным канфлікце. Размовы пра "груз 200" — гэта, хутчэй, спекуляцыі, лічыць суразмоўнік Еўрарадыё.

— Я глыбока ўпэўнены, што да гэтага не дойдзе і што часці АДКБ не будуць браць ніякага ўдзелу — мы, хутчэй, спекулюем. Дынаміка сённяшняга дня гаворыць пра тое, што сітуацыю, у прынцыпе, удалося стабілізаваць, а ўлада пайшла на велізарную колькасць саступак. І я спадзяюся на тое, што Такаеў, адукаваны чалавек і дыпламат, прыйдзе да высновы, што наогул жа з народам размаўляць трэба.

Калі няма дыялогу з народам, калі ён носіць чыста прагматычны характар — пагаварыць перад выбарамі — рэцыдывы непазбежныя. Я спадзяюся і ў прынцыпе глыбока ўпэўнены, што дарадцы ў Такаева дастаткова кваліфікаваныя і маюць добрую адукацыю. Яны яму падкажуць, што трэба прымаць калектыўныя рашэнні, размаўляць. І хочацца ці не хочацца, ад аўтакратыі таксама пазбаўляцца давядзецца.

 

Як падзеі ў Казахстане паўплываюць на Беларусь?

Суразмоўнік Еўрарадыё лічыць, што ёсць дзве магчымыя рэакцыі з боку беларускага кіраўніцтва. Першая звязана з тым, што схема транзіту ўлады паказала сваю абмежаванасць. Беларускае кіраўніцтва можа адмовіцца ад УНС і скараціць яго паўнамоцтвы і працягваць разлічваць на ўласную сілу. Другая стратэгія, лічыць Янчук, — зварот да людзей.

— Трэба чуць і слухаць, а не ствараць віртуальныя арганізацыі і капсуляваную прастору. Грамадства — гэта людзі, якія жывуць у краіне, і да іх трэба ставіцца як да людзей разумных, а не як да аб'ектаў маніпуляцый, якім можна дурыць галаву.

Аляксандр Лукашэнка, перакананы суразмоўнік Еўрарадыё, "не жыве ў вакууме", і побач з ім знаходзяцца людзі, якія разумеюць, што абраная стратэгія тупіковая. Чым даўжэй яна будзе рэалізоўвацца, тым да большых выдаткаў можа прывесці, лічыць Янчук.

Поўная версія размовы на ютуб-канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі