Трох козачак, якія гулялі ля вакзала ў Мінску, даставілі ў сабачы пітомнік

Трох козачак, якія гулялі ля вакзала ў Мінску, даставілі ў сабачы пітомнік

Трох козачак, якія разгульвалі ўвечары 20 ліпеня па прывакзальнай плошчы ў Мінску, даставілі ў сталічны пітомнік службовага сабакаводства. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў спецустанове, якая вымушаная была прыняць нязвыклых для сябе насельніц.

Як паведамлялася раней, дзвюх чорных і адну белую коз заўважылі ў сераду каля цэнтральнага аўтавакзала. Жывёлы свабодна разгульвалі па праезнай частцы і стваралі небяспеку для ўдзельнікаў дарожнага руху. Таксама парушальніцы ласаваліся кветкамі з вазонаў і клумбаў і выпрошвалі ў мінакоў пачастунак.

Каб злавіць рагатых хуліганак, выклікалі спецыялістаў з прадпрыемства “Фаўна горада”, аднак прыняць іх там не змаглі. Як патлумачылі Еўрарадыё дыспетчары “Фаўны”, у арганізацыі няма ўмоваў для ўтрымання коз і там могуць знаходзіцца толькі каты і сабакі. У выніку парнакапытных павезлі на машыне лаўцоў у пітомнік службовага сабакаводства па вуліцы Магнітнай, 30.

Як складзецца далейшы лёс жывёл, пакуль невядома: у пітомніку кажуць, што ідзе разбіральніцтва па факцэ інцыдэнту і гаспадара коз дагэтуль шукаюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі