Туі замест крыжоў: Лукашэнка спыняўся каля Курапатаў (відэа)
24 траўня падчас азнаямлення з добраўпарадкаваннем прылеглых да МКАД тэрыторый Аляксандр Лукашэнка праязджаў каля Курапатаў. Гэта месца масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Там створаны народны мемарыял. Гэтай вясной у Курапатах рабочымі былі вырваныя з зямлі і вывезеныя дзясяткі крыжоў, усталяваная агароджа. Лукашэнка пасля прызнаўся, што гэта ён даў загад "навесці парадак".
Па МКАД Лукашэнка ехаў у якасці пасажыра на аўтобусе з сімволікай II Еўрапейскіх гульняў. Каля Курапатаў аўтобус спыніўся. "Тут трэба заняцца дадаткова пасадкай дрэваў, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — І яны, хто там ляжыць (яны нас бачаць), дзякуй скажуць. Па перыметры туі можна".
Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне чыноўнікам падумаць, "як канчаткова добраўпарадкаваць Курапаты". Пакуль незразумела, што гэта можа азначаць.
"Калісьці мы яшчэ пройдзем, паглядзім, — гаварыў Лукашэнка. — Але недапушчальна, каб хтосьці тут нешта рабіў без дазволу. Гэта ж палітычная дэманстрацыя! Гэта камусьці трэба. Можаш прыйсці, калі ласка, памаліся, пакладзі кветкі і сыходзь, не замінай гэтым людзям".
Такім чынам, прынамсі маліцца і ўскладаць кветкі ў Курапатах улады забараняць не будуць.