Турысты з Галандыі і Германіі паехалі ў Беларусь, калі… адкрыліся хостэлы
Расіяне едуць у казіно і санаторыі, італьянцы і туркі — да дзяўчын, з Кітая прыязджаюць па бізнесе, з Еўропы — каб далей падарожнічаць у Расію.
Беларускі памежны камітэт за паўгода налічвае 2,9 мільёна паездак у нашу краіну. Чым прываблівае гэтых людзей Беларусь?
“Еўрапейцы — гэта транзітныя турысты, яны едуць далей у Расію. З Турцыі, напрыклад, едуць асобна, па бізнесе ”, — расказваюць Еўрарадыё ў кампаніі “Беларусьтурсэрвіс” пра турыстаў-авантурыстаў.
Амерыканцы едуць у нашу краіну да сваякоў. Іх кошт візы не спыняе! Напрыклад, у мінскім Нацыянальным аэрапорце віза амерыканцу абыдзецца ў 480 долараў. А калі ставіць у консульстве — у раёне 200 долараў.
“Прыязджаюць да сваякоў, да знаёмых. Некаторыя проста на экскурсію. А кошты на візы — для іх не так і шмат”, — расказваюць мне пра турыстаў з ЗША ў кампаніі “Алендгруп”.
Турысты з Галандыі, Германіі і Англіі пачалі прыязджаць, калі… адкрыліся хостэлы. Падарожнічаюць па Беларусі, глядзяць замкі, малыя гарады, — тлумачаць у кампаніі “Крос-тур”.
“Адкрылася больш хостэлаў, і яны едуць. Разы ў паўтара павялічылася колькасць турыстаў. Бо гасцініцы ў нас дарагія нават па ўзроўні з еўрапейскімі. Прыязджае моладзь у асноўным”.
Расіяне едуць да нас у санаторыі, па замках і гарадах. У Інфармацыйна-турысцкім цэнтры “Мінск” прыгадваюць апошніх турыстаў:
“Была група расіян. Яны ехалі ў Мінск, потым у Нясвіж, пасля ў Брэсцкую крэпасць і далей у Літву”.
“Расіяне — гэта санаторны адпачынак, казіно, паляўнічыя туры", — рэдактар газеты “Турызм і адпачынак” Лілія Кобзік прыгадвае адзін з папулярных кірункаў беларускага турызму.
“Не сакрэт, што прыязджаюць знаёміцца з дзяўчынамі. Гэта турысты з Турцыі, арабскіх краінаў, Італія, Іспанія. Але гэта не ёсць наш вектар, у нас наогул няма нейкага вектара, якім мы прывабліваем”, — дадае эксперт.
З краін далёкага замежжа з турыстычнымі мэтамі за паўгода прыязджае ўсяго… 9 тысяч чалавек, перадае газета “Рэспубліка” дадзеныя памежнікаў.
Фота: zn.by