У 19-ы раз: з 29 чэрвеня ў Беларусі зноў даражэе паліва на запраўках
АЗС у Беларусі / NEFT.by
З 29 чэрвеня 2021 года рознічныя цэны на паліва на беларускіх АЗС павышаюцца на 1 капейку. Пра гэта паведамляе канцэрн "Белнафтахім".
АІ-92-К5-Еўра апоўначы будзе каштаваць 1 рубель 89 капеек, АІ-95-К5-Еўра — 1 рубель 99 капеек, АІ-98-К5-Еўра — 2 рублі 21 капейку, дызельнае паліва — 1 рубель 99 капеек.
Канцэрн" Белнафтахім "тлумачыць цяперашняе падаражанне тым, што "з 1 да 25 чэрвеня 2021 года сярэдняе значэнне катыровак нафты склала $72,6 за 1 барэль і ў дачыненні да ўзроўню студзеня 2021 года павялічылася на 32,4%". У той жа час, цэны на АЗС у Беларусі з пачатку 2021 года павялічыліся "усяго толькі" на 9,8%.
Першы раз паліва падаражэла ў 2021 годзе 21 студзеня. Ужо тады "Белнафтахім" заявіў, што гэта не апошняе падаражанне. Канцэрн "вярнуўся да стратэгіі па індэксацыі цэн на 1 капейку на тыдзень". Цяперашняе падвышэнне цэн — ужо 19-е з пачатку года.
Да яго цэны паліва змяняліся 24 чэрвеня. Тады "па традыцыі" яны таксама выраслі на 1 капейку. Але цяпер цэны на паліва ў Беларусі растуць часцей, чым раз на тыдзень. Бо з 24 чэрвеня прайшло ўсяго пяць дзён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.