У апазіцыйнага кандыдата хацелі забраць пасведчанне, не чакаючы разгляду скаргі
Кандыдат у дэпутаты Павел Юхневіч атрымаў другое папярэджанне ад выбарчай камісіі. Галоўная прычына — няўзгодненыя пікеты і раздача візітовак, якія камісія палічыла агітацыйным матэрыялам. 27 кастрычніка Павел Юхневіч падаў скаргу ў гарадскую выбарчую камісію, але на пасяджэнні акруговай камісіі прапанавалі забраць у яго пасведчанне, нават не чакаючы разгляду скаргі.
Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” балатуецца па Пушкінскай выбарчай акрузе № 103.
“На пасяджэнні камісіі адзін з сяброў увогуле прапанаваў мяне зняць з выбараў, — расказаў Еўрарадыё Павел Юхневіч. — Але яго супакоілі, маўляў, так нельга, таму давайце хаця б спачатку разгледзім. Запатрабавалі здаць пасведчанне, хаця па законе я маю права рабіць усё тое, што можа рабіць кандыдат. Цягам трох дзён скарга будзе разглядацца”.
Пакуль Паўла Юхневіча не пазбавілі рэгістрацыі і фармальна ён яшчэ кандыдат. Калі гарадская камісія не задаволіць скаргу, яго здымуць з выбараў.
Некалькі дзён таму Паўла Юхневіча выклікалі на выбарчую камісію за пікет без пасведчанняў, якія не выдалі. 23 кастрычніка актывіст “Еўрапейскай Беларусі” атрымаў першае папярэджанне.
Павел Юхневіч дадае, што не мае ілюзій наконт выбараў. А сам ён вырашыў балатавацца, каб мець магчымасць размаўляць з людзьмі.
“Улада звыклася, што апазіцыя, калі яе дапускаюць да выбараў, паводзіць сябе ціха і спакойна. Я нікога з кандыдатаў не хачу пакрыўдзіць, але нехта правядзе адзін-два пікеты за ўвесь час выбарчай кампаніі, выступіць на тэлебачанні, радыё. І на гэтым усё. Для некага гэта звыклы фармат, але я не бачу сэнсу такога пасіўнага ўдзелу ў выбарах. Калі весяліцца, дык напоўніцу”, — дадаў Павел Юхневіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.