У Арменіі 200 чалавек затрыманыя пасля захопу ўчастка паліцыі ў Ерэване

У Арменіі 200 чалавек затрыманыя пасля захопу ўчастка паліцыі ў Ерэване

Каля 200 чалавек затрыманыя ў Арменіі. Іх падазраюць у дачыненні да ўзброенай групы, якая раніцай 17 ліпеня захапіла паліцэйскі ўчастак у Ерэване. Паводле звестак інфармагенцтваў, затрыманых правяраюць на сувязь з апазіцыйнай грамадзянскай ініцыятывай "Устаноўчы парламент".

Намеснік начальніка армянскай паліцыі Унан Пагасян пацвердзіў затрыманне людзей, аднак не ўдакладніў іх колькасць. Ён падкрэсліў, што ўсіх затрымалі на законных падставах і вызваляць ў вызначаныя законам тэрміны "ў залежнасці ад учыненага дзеяння", перадае РБК.

Сам захоп аддзялення паліцыі ў ерэванскім раёне Эрэбуні адбыўся зранку 17 ліпеня. Пры нападзе некалькі паліцыянтаў былі ўзятыя ў закладнікі, два атрымалі сур'ёзныя раненні. Загінуў намеснік камандзіра палка ППС упраўлення паліцыі па Ерэване Артур Ванаян.

Нападнікі спярша запатрабавалі вызваліць з-пад варты ўдзельніка канфлікту ў Нагорным Карабаху Жырайра Сефіляна, якога падазраюць у незаконным набыцці і захоўванні зброі. Потым яны запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна і ўсяго ўрада.

Сефілян падчас вайны за Нагорны Карабах у сярэдзіне 1990-х камандаваў адным з атрадаў. Потым удзельнічаў у стварэнні пазасістэмнай апазіцыйнай арганізацыі "Устаноўчы парламент". Гэтае аб'яднанне патрабуе сярод іншага далучыць да Арменіі непрызнаную Нагорна-Карабахскую рэспубліку, а таксама правесці датэрміновыя выбары ў парламент краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі