У Барысаве судзяць палкоўніка, які схаваў факт траўмы шарагоўца
17 ліпеня у судзе Барысаўскага раёна пачаўся разгляд справы палкоўніка Сяргея Гарадзінскага. Як паведаміў пракурор, перадае tut.by, Гарадзінскі не разгледзеў паведамленне пра траўму шарагоўца, не зарэгістраваў гэтую інфармацыю і не паведаміў пра сітуацыю начальству. Вайскоўца вінавацяць у злоўжыванні ўладай, спалучаным з гвалтам.
Інцыдэнт здарыўся ўвосень 2016 года. Гарадзінскі тады быў камандзірам 60-га асобнага палка сувязі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Дарэчы, палкоўнік служыць у войску и цяпер, але яго панізілі. Гарадзінскаму 48 гадоў, ён жыве ў Барысаве. Узнагароджаны медалём кіраўніка дзяржавы "За бездакорную службу" III ступені.
Як паведаміла абвінавачанне, у ноч з 9 на 10 лістапада 2016 года сяржант і два шарагоўцы перакулілі ложак, дзе спаў радавы М. Той зваліўся і стукнуўся аб тумбачку. Пры гэтым салдат атрымаў выцятую траўму галавы, што лічыцца лёгкім цялесным пашкоджаннем.
Дзяжурны паведаміў Гарадзінскаму пра здарэнне ў тую э ноч. Палкоўнік загадаў даставіць пацярпелага ў барысаўскую лякарню і не паведамляць пра здарэнне вышэйшаму начальству.
Аднак у студзені 2017 года пра інцыдэнт стала вядома органам контрразведкі.
На судзе палкоўнік прызнаў сваю віну і заявіў, што цалкам раскайваецца ў зробленым. Па яго словах, спярша яму сказалі, быццам шараговец М. атрымаў траўму, калі хацеў паглядзець салют і падскочыў на ложку.
Зранку палкоўнік вырашыў правесці праверку, хаця пацярпелы заяўляў, што стукнуўся сам. Падчас гэтага, кажа Гарадзінскі, вайскоўцы, якія скінулі М. з ложка, самі прызналіся ў зробленым. Яны казалі, што хацелі пажартаваць. Усе трое былі пакараныя. "Двум вайскоўцам было прад'яўлена дысцыплінарнае спагнанне — па 10 сутак арышту, а трэцяга камандзір падраздзялення пакараў нарадам па-за чаргой", — патлумачыў палкоўнік.
Пра здарэнне паведамілі бацькам чацвярых салдатаў, якіх запрасілі ў часць на размову. Пры гэтым, па словах палкоўнікка, мама пацярпелага "прасіла не караць хлопцаў, не ламаць ім лёс".
Увосень 2017 года сяржанта і двух вайскоўцаў асудзілі. Адзін з іх атрымаў 2 гады і тры месяцы, двое — па два гады пазбаўлення волі.
Гарадзінскі кажа, што прыняў няправільнае рашэнне пры гэтым інцыдэнце. "Я ужыў дысцыплінарнае спагнанне, думаў, інцыдэнт вычарпаны", — тлумачыць палкоўнік.