У Беларусі пачалі "працэс спецыяльнай вытворчасці" ў дачыненні палітуцекачоў
У Беларусі пачнуцца завочныя суды / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
У Беларусі пачалі "працэс спецыяльнай вытворчасці" ў дачыненні палітуцекачоў. Іх збіраюцца судзіць завочна, а пасля, відаць, пазбаўляць грамадзянства.
Як піша прэс-служба Следчага камітэта, па ўзгадненні з генпракурорам, першай стала справа ў дачыненні адміністратараў тг-канала "Чорная кніга Беларусі", які ў РБ прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем". Для інфармавання пра гэтых асоб СК стварыў новы тг-канал "Спецыяльная вытворчасць. Афіцыйна". А на сайце змешчаны "Пералік асоб, у дачыненні якіх распачата спецыяльная вытворчасць і якіх выклікаюць у орган крымінальнага пераследу". Там ужо змешчаны даныя пра Яніну Сазановіч, Данііла Багдановіча, Вольгу Высоцкую, Валерыю Занямонскую і Дзмітрыя Навошу.
Тая ж Сазановіч абвінавачваецца ў "распальванні варажнечы" і "незаконных дзеяннях у дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных". Ёй прапануецца з'явіцца ў Мінск у СК. Яніна Сазановіч жыве за мяжой.
"Інстытут спецыяльнай вытворчасці" быў уведзены ў Беларусі сёлета. Ён дазваляе весці крымінальную справу ў дачыненні да абвінавачанага, які "знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс". Адвакаты і праваабаронцы лічаць, што завочныя суды парушаюць права чалавека на абарону.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.